Трэнінг «Правы студэнтаў простай мовай» праходзіў 19 лістапада ў Рэгіянальным рэсурсным цэнтры ў межах тыдня студэнта. Мерапрыемства было арганізаванае і праведзенае «Студэнцкай радай» сумесна зь беларускімі праваабаронцамі.
У якасьці экспэрта выступіў Міхаіл Мацкевіч, супрацоўнік Цэнтру прававой трансфармацыі «Lawtrend», які ўжо прыяжджаў некалькі разоў у Віцебск з трэнінгамі па падобнай тэматыцы. Удзельнікамі імпрэзы сталі як студэнты віцебскіх ВНУ, так і людзі, што ўжо разьвіталіся са студэнцкай лавай.
Падчас трэнінгу закраналіся многія тэмы – гісторыя ўзьнікненьня правоў чалавека, Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека, міжнародныя інстытуцыі, якія рэгулююць названую сфэру, Балёнскі працэс і магчымасьць выбарнасьці рэктараў ВНУ ў беларускіх рэаліях, прымус студэнтаў удзельнічаць у датэрміновых выбарах, акадэмічныя свабоды і многія іншыя. Мо ня кожная з узьнятых тэмаў была наўпрост зьвязаная з правамі чалавека, але, тым ня менш, усе яны былі вельмі актуальныя.
Згадваліся і зусім экзатычныя тэмы – свабода выезду студэнтаў за мяжу, аўтарскія правы студэнтаў на іх інтэлектуальную працу, магчымасьць для студэнтаў аспрэчваць навуковыя ступені выкладчыкаў (як адзначалася, узровень некаторых выкладчыкаў сапраўды пакідае жадаць лепшага, і цалкам магчыма, што свае рэгаліі яны атрымалі не зусім заслужана).
Асаблівую цікавасьць у студэнтаў, што і ня дзіўна, выклікалі пытаньні, зьвязаныя з ушчамленьнем іх свабодаў з боку адміністрацыяў унівэрсытэтаў. У прыватнасьці, вялося пра прымусовае разьмеркаваньне. Студэнтам важна было даведацца, наколькі гэта правільна. І ці не зьяўляецца абавязак адпрацоўваць згодна з разьмеркаваньнем узаконеным рабствам?
Вядома, усе актуальныя пытаньні абмеркаваць было не магчыма. Але нават той інфармацыі, якую студэнты атрымалі падчас трэнінгу, мабыць, будзе дастаткова для асэнсаваньня імі свайго месца і ролі ў беларускай сыстэме ВНУ. І ў выпадку парушэньня іх правоў студэнты змогуць за сябе пастаяць.
https://viciebskspring.org/news/pravaabaroncy/item/2560-studenty-taksama-lyudzi-i-u-ikh-taksama-josts-pravy#sigProIdaf4a40f255
Уладзімер Бяляўскі