З таго часу міліцыянты рабілі некалькі спробаў, каб зьмясьціць Левінава за краты. 26 сакавіка, адразу па затрыманьні, яго завезьлі ў ІЧУ, аднак празь некалькі гадзінаў ён трапіў на «хуткай дапамозе» ў шпіталь. Праблемы зь ціскам сталі падставай і для адтэрміноўкі судовага працэсу над праваабаронцам. Толькі 17 красавіка, прычым у адсутнасьць самога Левінава, судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская пастанавіла пакараць праваабаронцу арыштам.
Павал Левінаў быў зьвярнуўся да судзьдзі Грабоўскай з просьбай падзяліць адбыцьцё арышту на этапы па некалькі дзён, бо ён даглядае нямоглую 80-гадовую маці. Але растэрміноўкі яму не далі.
Абласны суд у асобе судзьдзі Ірыны Смаляковай не пагадзіўся адмяніць пастанову пра пакараньне. Хоць пастанавіў залічыць у адбыты тэрмін 15-суткавага арышту час з 13:10 да 23:20 26-га сакавіка. Гэта пэрыяд ад затрыманьня Паўла Левінава да таго моманту, як яго забрала зь ізалятару часовага ўтрыманьня «хуткая дапамога». У Левінава падняўся ціск, здарыўся гіпэртанічны крыз, і наступствы хваробы прывялі да таго, што й да сёньняшняга дня ягонае здароўе не нармалізавалася.
Трапіць у кардыялягічны шпіталь Паўлу Левінаву давялося і ў пачатку траўня, калі праваабаронцу гвалтам затрымалі на лецішчы ў брата. Міліцыянты, спаслаўшыся на загад кіраўніцтва, павезьлі яго адбываць арышт у Віцебск. Аднак у затрыманага зноў падняўся ціск, і з ІЧУ яго чарговы раз забралі на «хуткай дапамозе». Праўда, у шпіталі яму давялося пабыць нядоўга: праз тры дні праваабаронцу загадалі выпісвацца, сказаўшы: «160/95 – гэта нармальны ціск»...
Пакуль Павал Левінаў праходзіў лячэньне ў мэдычных установах, на разглядзе ў абласным упраўленьні міліцыі знаходзілася заява праваабаронцы. Ён расказаў, што хадайнічаў пра адмену пакараньня арыштам:
«Існуе такая працэдура, што судовая пастанова можа быць адмененая ці пакараньне замененае на больш мяккае, калі для гэтага ёсьць дастатковыя падставы. Я прасіў, каб міліцыя накіравала ў суд хадайніцтва пра адмену арышту, спасылаючыся на кепскі стан здароўя. Аднак у абласной управе палічылі немэтазгодным тое, пра што я прасіў».
Раніцай 31 траўня Павал Левінаў адправіўся адбываць «суткі», узяўшы з сабой накіраваньне ад РПГА «БХК» пра тое, што ён упаўнаважаны вывучаць умовы ўтрыманьня ў ІЧУ «з мэтай даваньня адпаведным дзяржаўным органам і грамадзкасьці аб’ектыўнай ацэнкі ўмоваў адбываньня адміністрацыйнага арышту».
Праваабаронца кажа, што зьбіраецца пракантраляваць, ці не парушаюцца правы ўтрыманцаў ІЧУ што да атрыманьня пошты, харчовых перадач, сустрэч з адвакатамі і гэтак далей. А таксама для кантролю санітарных і іншых нормаў утрыманьня ў віцебскім ІЧУ.
Паводле ягоных падлікаў, тэрмін арышту мае скончыцца 14 чэрвеня каля 17-й гадзіны. І на волі праваабаронца абяцае распавесьці пра ўсё, што будзе назіраць за кратамі цягам двух тыдняў.
БС, svaboda.org