Досыць борзда ўдзельнікі сходу, якія прадстаўлялі Віцебскі, Гарадоцкі, Шумілінскі, Аршанскі раёны ды гарады Віцебск і Воршу, абралі неабходную колькасьць дэлегатаў на ўсебеларускую канфэрэнцыю руху і затым, па далучэньні да іх прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў, перайшлі да абмеркаваньня пытаньня наконт зьмены абласнога лідэра.
Абраньне новага абласнога каардынатара наўпрост зьвязанае зь пераменамі, якія адбываюцца ў сувязі зь меркаваным адыходам Аляксандра Мілінкевіча ад кіраўніцтва арганізацыяй. Пераемнікам апошняга, найхутчэй, стане Юрась Губарэвіч або Алесь Лагвінец – прадстаўнікі маладзейшай генэрацыі рухаўцаў. Усе ўтрох яны прысутнічалі на суботняй канфэрэнцыі прадстаўнікоў руху Віцебскай вобласьці.
Хрыстафор Жаляпаў, які ўзначальваў рух «За свабоду» Віцебшчыны ад самага пачатку стварэньня арганізацыі, перад складаньнем паўнамоцтваў у сваім выступе прыгадаў найбольш прыметныя справы, здзейсьненыя разам за амаль дзесяць гадоў.
На ролю абласнога каардынатара дэлегаты прапанавалі чатыры кандыдатуры, трое зь якіх стаць кандыдатамі на прапанаваную пасаду адмовіліся. У выніку большасьць удзельнікаў канфэрэнцыі прагаласавала за актывіста з Гарадка Леаніда Гаравога.
Пасьля галасаваньня перад прысутнымі па чарзе выступілі Аляксандар Мілінкевіч, Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец. Выступы Лагвінца і Губарэвіча былі стрыманымі, гучалі ў блізкай танальнасьці. Ніводзін зь іх перад выбарамі кіраўніка руху, што мусяць адбыцца неўзабаве, не рабіў гучных заяваў, не заклікаў да кардынальных перамен. Аднак, як паказвае заганная практыка палітычных расколаў, пераабраньне лідэра часьцяком спрычыняецца да падзелу арганізацыі. Менавіта гэтая праблема найперш і хвалявала удзельнікаў руху Віцебшчыны. Таму прадстаўнік Аршанскага рэгіёну Юры Нагорны і адрасаваў патэнцыйным рэспубліканскім кіраўнікам арганізацыі аднолькавае пытаньне: «Ці зможа кожны з вас пераадолець свае амбіцыі і пасьля магчымай паразы на выбарах застацца ў камандзе дзеля працягу супольнай працы на карысьць Бацькаўшчыны?»
Адказ на пастаўленае пытаньне абодва кандыдаты далі станоўчы, але, як падалося, канчаткова разьвеяць хваляваньні шараговых рухаўцаў яны ня здолелі. Ці спраўдзяцца запэўніваньні Юрася Губарэвіча і Алеся Лагвінца, пакажа час. Таму чакаем выбараў новага лідэра руху «За свабоду».
https://vitebskspring.org/news/pravaabaroncy/item/2015-syabry-rukhu-za-svabodu-abrali-novaga-kaardynatara-pa-vitsebskaj-voblastsi#sigProId7c8a5964ed
С. Горкі