«Некаторыя выявы на сьценах зьяўляюцца чужымі або нават чужацкімі для сучаснага беларускага гораду, якім ёсьць Віцебск, – напісаў праваабаронца ў выканкам. – Выявы кіношных "царкоў" і "хуліганаў" проста ня маюць права быць аздобай Віцебску, і, на мой погляд, не спрыяюць фармаваньню ў маладога пакаленьня віцебчукоў пачуцьця патрыятызму і любові да гісторыі свайго гораду і да тых людзей, якія гэты горад заснавалі, пабудавалі і абаранілі».
«Царкі» і «хуліганы», пра якіх напісаў Леанід Сьвецік ў сваім лісьце ў гарвыканкам, – гэта забаўныя героі савецкіх камэдыяў: цар Іван Васільевіч Грозны з кінакарціны «Іван Васільевіч мяняе прафэсію»; дробныя махляры Трус, Балбес і Бывалы зь фільмаў пра прыгоды Шурыка; злодзей-рэцыдывіст Дацэнт з «Джэнтэльмэнаў удачы».
Леанід Сьвецік занепакоены, што малюючы на мурах усялякую непатрэбшчыну кшталту кінагерояў-ліхадзеяў, вобразы якіх належаць чужой – савецкай – культуры, мастакі грэбуюць нацыянальнай спадчынай. На яго думку, гарадзкія ідэолягі пусьцілі на самацёк афармленьне гораду, самаўхіліся ад удзелу ў зацьвярджэньні эскізаў і тэмаў выяваў, і праз гэта ўвесь працэс набыў эклектычна-касмапалітычны характар.
Віцебскі праваабаронца прапанаваў ідэолягам гораду ўзяць пад кантроль дзейнасьць стрыт-арт-групы StreetSkills і зацьвярджаць найперш тыя выявы, які маюць дачыненьне як да старажытнай, так і да новай гісторыі гораду. Ён перакананы: такі падыход мясцовых уладаў да мастацкага афармленьня гораду перастане насіць несыстэмны характар, а ідэалягічна правільныя выявы будуць спрыяць патрыятычнаму выхаваньню моладзі.
Адказ на сваю прапанову Леанід Сьвецік атрымаў за подпісам начальніка аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму Натальлі Шыёнак. Чыноўніца паведаміла праваабаронцу, што росьпіс сьцен будынкаў ёсьць манумэнтальным жывапісам, і ў адпаведнасьці з заканадаўствам маладыя мастакі каманды StreetSkills узгадняюць стварэньне сваіх твораў з аддзелам архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму, а не з ідэолягамі.
«Дадаткова паведамляем, – напісала Натальля Шыёнак праваабаронцу, – што на апошніх работах «StreetSkills» намаляваныя вядомыя дзеячы культуры: Заслужаны артыст РСФСР, савецкі акцёр і кінарэжысэр Яўген Аляксандравіч Маргуноў, Народны артыст СССР, савецкі і расейскі акцёр тэатру і кіно Георгі Міхайлавіч Віцын, Народны артыст СССР, савецкі і расейскі акцёр, артыст цырку (клоўн), тэлевядоўца, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай Працы Юры Ўладзімеравіч Нікулін і Народны артыст СССР, Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, савецкі і расейскі акцёр тэатру і кіно Юры Васільевіч Якаўлеў».
Якое дачыненьне пералічаныя заслужаныя людзі суседняй дзяржавы – Расеі, ды іншай дзяржавы, якой ужо не існуе, – Савецкага Саюзу, маюць да Беларусі і Віцебску, каб іх партрэтамі, і яшчэ ў камічных вобразах, упрыгожваць старадаўні беларускі горад, чыноўніца-ідэоляг не патлумачыла. Відаць, гарадзкія ідэолягі дагэтуль жывуць настальгіяй па старых часах, калі Беларусь была часткай савецкай імпэрыі. Таму наўрад ці варта спадзявацца на зьяўленьне ў хуткім часе на мурах Віцебску выяваў беларускіх дзеячоў замест трусаў, балбесаў, цароў іванаў грозных і дацэнтаў.
Кастусь Дзьвінскі, Віцебская вясна
https://vitebskspring.org/news/pravaabaroncy/item/201-nachalnik-addzelu-idealjogii-vitsebskaga-garvykankamu-za-trusa-balbesa-i-byvalaga#sigProId5ea37ebf62