Аўторак, 10 Сакавік 2020

Сваякі зьняволеных просяць спрасьціць перадачу лекаў у калёніі і турмы

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

«Улічваючы, што дагэтуль ня вынайдзеныя эфэктыўныя лекі ад каронавірусу, а лячэньне праводзіцца як пры ВРВІ, просім спрасьціць працэдуру перадачы лекавых сродкаў у месцы пазбаўленьня волі», – гаворыцца ў пэтыцыі, апублікаванай на сайце «Зручны горад».

Аўтары электроннага звароту просяць начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС РБ Алега Маткіна дазволіць перадачу лекаў з прапанаванага сьпісу ў любы час – аж да поўнага зьнікненьня небясьпекі распаўсюду каронавіруснай інфэкцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У сьпісе лекаў, які сваякі і блізкія зьняволеных прапануюць зацьвердзіць для перадачы ў месцы пазбаўленьня волі, – супрацьвірусныя, гарачкапаніжальныя, болеспатольныя, супрацьзапаленчыя сродкі, лекі ад кашлю, насмарку, атыту ды вітамінныя комплексы.

Просяць таксама, каб на пэрыяд небясьпекі асобам, якія адбываюць пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі, было дазволена мець гэтыя лекі пры сабе.

Электронны зварот будзе накіраваны ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньня (ДВП) і Міністэрства аховы здароўя РБ. За некалькі дзён пэтыцыю падпісалі больш за 120 чалавек. Электронны зварот можна падпісаць цягам тыдня.

Як перадаюць СМІ, у Іране праз распаўсюд кронавірусу з-за кратаў часова вызвалілі 70 тысяч вязьняў.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.