Жанчына назвалася Людмілай Уладзімераўнай і паскардзілася на тое, што апошнім часам ад сына з калёніі не прыходзілі лісты.
«І раптам прыходзіць ліст не з калёніі, а зь іншага, грамадзянскага адрасу. Сын распавёў, што адміністрацыя прымушае асуджаных падпісваць нейкія дакумэнты, а за адмову зьмяшчаюць у штрафны ізалятар. У ізалятары ўсяляк зьдзекуюцца, не выдаюць пасьцельную бялізну, кубкі, не выводзяць на двор, лісты і перадачы забароненыя. Упэўненая, ёсьць фізычнае ўзьдзеяньне, але сын ня піша, баіцца мяне смуціць», – сьцьвярджае яна.
«Сын і ўсе, хто там знаходзіцца, просяць дапамогі. У калёніі мне нічога не тлумачаць».
Жанчына кажа, што зьвярталася па тлумачэньні ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, але там «адмовіліся прымаць якія-небудзь меры».
Назваць імя і прозьвішча сына, а таксама артыкул, паводле якога ён сядзіць, Людміла Ўладзімераўна адмаўляецца, бо баіцца, што праз публічнасьць ціск можа ўзмацніцца.
Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч распавёў, як часта паступаюць скаргі на кепскае стаўленьне да вязьняў у беларускіх турмах, а таксама што рабіць сваякам зьняволеных, якія сутыкнуліся зь ціскам:
«Зь ціскам на вязьняў мы сутыкаемся даволі часта. І, на вялікі жаль, здараецца так, што скаргі трапляюць да праваабаронцаў занадта позна. Ёсьць выпадкі, што ў выніку нейкіх дзеяньняў адміністрацыі людзі паміраюць у турме. І тады пачынаецца: справы то адкрываюць, то закрываюць, гэта можа цягнуцца гадамі. Да суду ўдалося давесьці толькі справу Ігара Пцічкіна. Таму вельмі важна рэагаваць своечасова», – гаворыць Стэфановіч.
Праваабаронца прапануе сваякам зьняволеных, што скардзяцца на ціск, зрабіць наступныя крокі:
Па-першае, варта зьвярнуцца ў праваабарончую структуру, напрыклад – ПЦ «Вясна».
Па-другое, неабходна пісаць скаргі ў пракуратуру па месцы знаходжаньня калёніі, бо пракурор мае права інспэктаваць папраўчую ўстанову, каб даведацца пра сытуацыю або канфлікт.
Па-трэцяе, галоснасьць можа спрацаваць у плюс. Праваабаронцы раяць зьвяртацца да журналістаў па інфармацыйную падтрымку.
Па-чацьвертае, можна задзейнічаць міжнародныя ўстановы. Калі ад асуджаных паступаюць зьвесткі аб катаваньнях, сваякам варта накіраваць адпаведны зварот у Камісію супраць катаваньняў пры ААН. У сваю чаргу, Камісія зьвяртаецца ў МЗС Беларусі, дзе абавязаныя прадставіць рэлевантную інфармацыю. Потым зафіксаваныя выпадкі катаваньняў спэцдакладчык уключае ў справаздачу.
Што тычыцца «прымусу падпісваць нейкія дакумэнты», то гаворка, хутчэй за ўсё, вядзецца аб пісьмовым абавязаньні выконваць рэжым калёніі. Як тлумачыць Валянцін Стэфановіч, у гэтым дакумэнце першапачаткова няма нічога страшнага.
«Праблема ў тым, што гэтыя паперы зьмяшчаюць стандартную фармулёўку кшталту "я цалкам прызнаю сваю віну", але ёсьць асуджаныя, якія лічаць сябе невінаватымі. Калі чалавек настойвае на сваёй невінаватасьці і адмаўляецца падпісваць гэтае пагадненьне, яго адразу адпаведна атэстуюць – "асобя не стала на шлях выпраўленьня". Фактычна, людзей караюць ізалятарам за адмову прызнаць віну».
Згодна з афіцыйнай статыстыкай на сайце Вярхоўнага суду, паводле стану на першае паўгодзьдзе 2018 году ўсяго па крымінальных справах асуджана 20 236 чалавек. Пры гэтым 4 951 зь іх накіраваныя ў месцы пазбаўленьня волі.