Алан Сьміт, прысуджаны да двух гадоў зьняволеньня паводле артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу нібыта за арганізацыю незаконнай міграцыі, быў зьмешчаны ў названую калёнію, што знаходзіцца ў пасёлку Віцьба Віцебскага раёну, у лістападзе 2017 году. Зварот брытанца да высокага начальніка пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі апублікавала ў Фэйсбуку ягоная грамадзянская жонка Магдалена Валінска.
«Я пішу вашай эксцэленцыі наконт тых цяжкасьцяў, зь якімі сутыкаюся ў папраўчай калёніі № 3», – такімі словамі пачынае спадар Сьміт свой ліст да начальніка ДВП Маткіна. І далей на шасьці старонках пункт за пунктам падае свае прэтэнзіі да адміністрацыі калёніі, якая, на яго думку, усяляк парушае яго правы, як, зрэшты, і правы іншых вязьняў.
Я сумняваюся, што яны дашлюць гэты ліст
Адным з аспэктаў, на які падданы Вялікай Брытаніі зьвяртае ўвагу, стала праблема яго камунікацыі з вонкавым сьветам. Ён паведамляе, што шмат разоў спрабаваў слаць лісты ў розныя дзяржаўныя органы, але супрацоўнікі калёніі не адпраўляюць іх. Таксама не даходзяць многія яго лісты да сяброў, сваякоў, у брытанскую амбасаду, адвакату, як і іх лісты да яго.
На думку Алана, і гэты ліст, копію якога яму ўдалося перадаць на волю, магчыма, ня будзе дасланы адрасату: «Я зусім упэўнены, што гэты ліст раззлуе іх, і мяне пакараюць за яго. Я сумняваюся, што яны дашлюць гэты ліст. Таму я зрабіў копію, дык што калі наступным разам брытанскі консул наведае мяне, яны змогуць даслаць яе вашай эксцэленцыі».
Цяжкасьці ёсьць ня толькі з дасылкай і атрыманьнем лістоў, але і з тэлефанаваньнямі: часьцяком яму адмаўляюць у просьбах пазваніць жонцы ў Лёндан, адвакату ў Менск, у амбасаду Вялікай Брытаніі. І нават калі даюць патэлефанаваць, усе размовы праслухоўваюцца.
Мяне змушаюць падпісваць дакумэнты на расейскай без тлумачэньня іх зьместу
Што тычыцца дасылкі лістоў, часам даходзіць да поўнага абсурду. Брытанец апісвае выпадак, як прасіў начальніка апэратыўнага аддзелу нейкага Цыркунова даслаць ліст у Міністэрства ўнутраных справаў: «Яго адказ быў: я мушу пісаць на расейскай мове. Хоць ён ведае, што я не валодаю расейскай».
Моўны бар'ер сапраўды робіць жыцьцё Алана ў беларускай турме нашмат складанейшым у параўнаньні зь мясцовымі сядзельцамі. У скарзе на імя начальніка ДВП ён піша, што больш як за паўгода знаходжаньня ў ПК № 3 так і не дамогся, каб яму далі магчымасьць азнаёміцца са сваімі правамі і правіламі ў калёніі ў перакладзе на ангельскую, хоць ён ня раз прасіў пра пераклад адпаведных дакумэнтаў.
Больш таго, паведамляе Алан: «Яны змушаюць мяне падпісваць дакумэнты на расейскай без тлумачэньня іх зьместу».
Але ж у мяне няма сваякоў у Беларусі
Не абмінуў лёнданец у сваім лісьце ў ДВП і тэму перадач і пасылак у турму. Паводле агульнага рэжыму ўтрыманьня, прызначанага яму судом, ён мае права на чатыры пасылкі на год. Толькі вось незадача – даслаць іх няма каму: пасылкі дазваляюцца адно ад сваякоў. А іх, вядома, Алан у Беларусі ня мае:
«Мы атрымліваем пасылкі раз на тры месяцы, і большасьць харчоў зьяўляюцца забароненымі. Я маю права... атрымліваць пасылкі зь ежай толькі ад сваякоў, але ж у мяне няма сваякоў у Беларусі, і яны [адміністрацыя калёніі – рэд.] гэта ведаюць».
Да мяне ставяцца агрэсіўна і груба. Усё гэтае ліха таму, што я патрабую правоў
Такім чынам, Алан знаходзіцца ў дыскрымінаваным стане ў параўнаньні зь іншымі вязьнямі калёніі ў пасёлку Віцьба. Плюс невалоданьне мовай, на якой размаўляюць іншыя сядзельцы. Плюс кпіны з боку некаторых прадстаўнікоў адміністрацыі з нагоды таго, што ён не маўчыць, як астатні кантынгент:
«Сёньня ён [намесьнік начальніка калёніі Старавойтаў – рэд.] таксама загадаў сваёй адміністрацыі націснуць на мяне, каб я напісаў дакумэнт пра парушэньне мною закону, пра які я нават ня ведаю. І калі супрацоўнік спадар Радзівонаў выклікаў мяне, ён ужываў расісцкія выразы супраць мяне. Да мяне ставяцца агрэсіўна і груба. Усё гэтае ліха таму, што я патрабую правоў».
Некаторым прыгразілі пакараньнем, калі яны будуць дапамагаць мне
Паводле Алана Сьміта, згаданы вышэй Старавойтаў таксама даў указаньне сваім падначаленым правесьці гутаркі зь іншымі вязьнямі, каб тыя ніяк не дапамагалі яму; а на наўпроставае пытаньне, чаму быў гэткі загад, брытанец пачуў адказ: вязьні хлусяць.
І гэта ня ўсё: «Намесьнік начальніка распарадзіўся перавесьці некаторых вязьняў, зь якімі я меў зносіны і добрыя стасункі, з майго пакою ў іншыя сэктары і папярэдзіў іх, каб не размаўлялі са мною... Некаторым прыгразілі пакараньнем, калі яны будуць дапамагаць мне».
Нават мэдсёстры скардзяцца на брак лекараў і лекаў
У сваім звароце да кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў англічанін асобна вылучыў праблему мэдычнага абслугоўваньня ў калёніі. Ён прыгадаў выпадак, калі на чатыры дня апынуўся ў мэдчастцы праз атручваньне, і ніхто пасьля так і не патлумачыў, чаму гэта адбылося. Дарэчы, кіраўніцтва калёніі так і не праінфармавала брытанскую амбасаду пра тое здарэньне.
Паводле Алана, на тысячу шэсьцьсот зьняволеных прыпадае тры лекары. «Нават мэдсёстры скардзяцца на брак лекараў і лекаў».
Каб трапіць на прыём да мэдыка-спэцыяліста, даводзіцца доўга прасіць гэтага: «Я чакаў год, каб убачыцца з акулістам... Многія вязьні чакаюць лекаваньня больш як год, але бяз посьпеху».
Начальнікі вымагаюць грошы ў вязьняў
Як піша Алан, многія вязьні сутыкаюцца з рознага кшталту цяжкасьцямі і прадузятым стаўленьнем да сябе, але баяцца скардзіцца, бо іх караюць нават за самыя нязначныя рэчы:
«Адміністрацыя можа абвінаваціць вязьняў у парушэньні закону і зьмясьціць іх у ізаляваныя камэры на месяцы. Я чуў шмат гісторыяў ад зьняволеных, якія былі пакараныя без усялякай нагоды. Аднаму вязьню пагражалі тым, што заб'юць яго, а потым складуць дакумэнт, што ён скончыў самагубствам».
Прычынаў скардзіцца ў сядзельцаў калёніі ў Віцьбе хапае. Напрыклад на тое, што «начальнікі вымагаюць грошы ў вязьняў на аплату рахункаў за ваду, электрычнасьць, ежу, адзеньне і г.д., а нават на купляньне пральнай машыны і лядоўні». Але, баючыся пакараньняў, большасьць стараецца не выказваць сваёй незадаволенасьці самавольствам адміністрацыі.
Аднак брытанец, якому давялося трапіць ў беларускую турму спадзяецца, што сытуацыю можна зьмяніць. Ён просіць кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС паспрыяць гэтаму.
«Я маю надзею, што гэты ліст дойдзе да вашай эксцэленцыі, дык што Вы зможаце дасьледаваць усе факты, пералічаныя мною ў гэтым лісьце, і спадзяюся, што Вы накіруеце місію ў гэтую турму, якая паразмаўляе са мною асабіста і даведаецца праўду, а таксама паразмаўляе зь іншымі вязьнямі, якія маюць падобныя праблемы».
Кастусь Дзьвінскі