Падаем вытрымкі зь ліста Жамчужнага:
Дзякую за маніторынг ПК № 9, які значна палегчыў ўмовы майго адбыцьця пакараньня.
У горацкай калёніі ўсё было загадзя падрыхтавана да майго прыёму. На першай асабістай сустрэчы з начальнікам калёніі ў прысутнасьці яго намесьнікаў ён паведаміў, што яму тэлефанавалі, ён усё пра мяне ведае, што я здраднік, што я здрадзіў Беларусі, што ён мяне задушыць.
Зь першых хвілін у ПК №9 я трапіў пад усеагульны ціск. Мяне накіравалі ў атрад №21, дзе ўтрымліваецца пераважна моладзь да 30 гадоў, якая прайшла школу малалетняй калёніі і па 4-6 судзімасьцяў. Паралельна ў асяродзьдзі асуджаных і ў інтэрнэце разьмяшчалася ганебная пра мой гонар і годнасьць інфармацыя. На даручэньне і пад кантролем адміністрацыі калёніі «лідэр крыміналу» ПК №9 16 жніўня 2017 году паспрабаваў вынесьці мне «нізкі статус». Але я яго не прызнаў.
Пасьля гэтага я быў вымушаны запатрабаваць ад адміністрацыі бясьпечных умоў утрыманьняў згодна з арт. 11 Крымінальна-працэсуальна кодэксу Рэспублікі Беларусь. Непрызнаньне нізкага статусу ў жылой зоне калёніі пагражае мне расправай, сэксуальным гвалтам з боку трэціх асоб. Таму я вымушаны знаходзіцца ўжо 10 месяцаў у камэры ШЫЗА (больш за 180 сутак, прычым 100 сутак запар) і 4 месяцы ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). Па ўмовах утрыманьня расцэньваю гэта як катаваньне.
«Лідэр крыміналу» ПК №9 Аляксандар Лісько прасіў вынесьці мне нізкі статус. Аднак дадзеныя, каб вынесьці такі статус мне, не пацьвердзіліся. Пазьней з-за супрацоўніцтва са спэцслужбамі Лісько быў зьняты «з пасады» і фізычна пакараны паплечнікамі.
Па ўзгадненьні і пад кантролем адміністрацыі ПК №9 Лісько 24 студзеня 2018 году зьдзейсьніў на мяне напад ў санітарнай частцы ПК №9, каб зьвесьці рахункі, як ён сказаў, «за паламанае жыцьцё». Пазьней Лісько перавялі ў ПК №11.
Па факце нападу я напісаў заяву ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці, бо Аляксандар Лісько ўдзельнічаў у падаўленьні некалькіх палітвязьняў, уключаючы Мікалая Дзядка.
Праводзіў праверку дарадца юстыцыі Ігар Навалаеў. Праверкай выяўленая асоба, якая зьдзейсьніла напад на мяне 24 студзеня 2018 году ў санчастцы ПК №9, матыў нападу. Але з прычыны апэратыўнага вывазу нападніка з ПК №9, каб пазьбегнуць даваньня ім сьведкавых паказаньняў на супрацоўнікаў калёніі, якія арганізавалі напад, крымінальная справа не распачатая «за адсутнасьцю грамадзка небясьпечнай дзеі». Я згодны з адсутнасьцю небясьпекі для грамадзтва ў дзеяньні, аднак гэта пагражала маёй асабістай бясьпецы. Я маю права на абарону асабістай бясьпекі. Гэта я і патрабую ад адміністрацыі ПК №9, якая на падставе трох маіх заяў абавязаная забясьпечыць мне бясьпечныя ўмовы ўтрыманьня, а не выносіць незаслужаныя спагнаньні.
Да візыту грамадзкай назіральнай камісіі, паводле слоў Жамчужнага, калёнія паставілася сур’ёзна:
Асуджаныя напярэдадні візыту камісіі былі пастроеныя каля 10-га атраду, і ім было даведзена, што на пытаньні пра наяўнасьць нізкага статусу адказваць, што «ўсе знаходзяцца ў становішчы роўных», што выклікала нязгоду асноўнай масы зьняволеных. Прычына – яны не хацелі нават на словах раўнавацца адзін з адным.
У калёніі існуе жорсткая гіерархія. Таму было вырашана падчас працы камісіі асуджаных выдаліць з атрадаў і пакінуць толькі спэцыяльна навучаных «сустрачальнікаў».
Паводле слоў Жамчужнага, у камэру, куды завялі камісію для азнаямленьня з жыцьцём і ўмовамі ў ШЫЗА/ПКТ, таксама былі пасаджаныя спэцыяльна навучаныя. Адзіны асуджаны, які распавёў аб парушэньнях – шчылінах у рамах вокнаў і халоднай вадзе ў душы – быў жорстка пакараны.
Хаця ГНК не змагла сустрэцца з Жамчужным, але станоўчы эфэкт ад яе візыту ў калёнію для апошняга быў:
На жаль, мне з вамі не ўдалося сустрэцца. Я быў у камэры №24, чакаў, быў гатовы, але вас да мяне не завялі.
Але вы дамагліся выніку. Мяне адразу перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу з камфортнымі ўмовамі ўтрыманьня, ні ў чым не абмяжоўваюць пры атаварцы ў краме папраўчай калёніі. З ініцыятывы лекараў мне зрабілі біяхімію крыві праз тры месяцы пасьля атручэньня, а таксама рэнтгенаскапію страўніка наўзамен страчанай. Па выніках прапанавалі дыету. Спынілі чапляцца да «дробкаў на стале» і «павуціньня за батарэямі».
Заснавальнік «Платформ Инавэйшан» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла яму больш строгае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), арт. 16 (частка 5), арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторваньні да наўмыснага разгалашэньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну; незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, у тым ліку – паўторна; даваньня хабару і даваньня хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зьняволеным.
Алесь Сьвятліцкі, mspring.online