Пра вызваленне Андрэя Кузнечыка, а таксама амерыканскага грамадзяніна, чыё імя не называецца, і шматдзетнай маці Алена Маўшук паведамілі прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. 12 лютага журналіст прыбыў у Вільню. Яго сустракалі жонка і дзеці – 5-гадовы сын і 11-гадовая дачка.
Большую частку прызначанага судом тэрміну Андрэя Кузнечыка трымалі ў Наваполацкай папраўчай калоніі № 1. Апошнія некалькі месяцаў ён правёў у мінскім следчым ізалятары КДБ, вядомым як «амерыканка».
У студзені на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі чатырохсерыйны фільм пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь». У ім паказалі і зняволенага Андрэя Кузнечыка.
Ен быў затрыманы 25 лістапада 2021 г. каля свайго дома ў Мінску, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Спачатку журналіста двойчы асудзілі нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 снежня 2021 г. стала вядома, што супраць яго распачалі крымінальную справу.
За дзень да затрымання ён напісаў адкрыты ліст, у якім патлумачыў сваё рашэнне застацца ў Беларусі, нягледзячы на прапановы з'ехаць у эміграцыю.
11 студзеня 2022 г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Кузнечыка палітычным зняволеным.
Марыя Селівашка