Панядзелак, 23 Снежань 2024

Былую палітзняволеную Ірыну Паляніну судзяць за атрыманне замежнай дамапогі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

23 снежня ў судзе Пастаўскага раёна суддзя Наталля Жукава разбірае адміністрацыйную справу, распачатую супраць Палянінай паводле Дэкрэта №7 аб замежнай дабрачыннай дапамозе. Раней затрыманых за замежную дапамогу судзілі паводле арт. 24.15 ч.2 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе».

Ірына Паляніна – былая палітзняволеная, якую і па вызваленне не пакідаюць у спакоі. У 2021 г. жанчыну асудзілі да двух гадоў зняволення паводле двух крымінальных артыкулаў: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 295 (Незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі). Яе прызналі вінаватай за каментар пад фотаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС Аляксандра Рыбакова. Падчас ператрусу ў яе дома знайшлі патроны, якія калісьці належалі яе бацьку. Гэта таксама стала падставай для крымінальнага абвінавачвання.

27 траўня 2021 г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ірыну Паляніну палітычнай зняволенай. 11 лістапада 2022 года, за дзесяць дзён да выхаду з калоніі, яе ўключылі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

На волю пастаўчанка выйшла ў канцы лістапада 2022 года. За ёй быў устаноўлены прэвентыўны нагляд, спачатку на 1 год, потым яго працягнулі яшчэ на 2 гады.

У лістападзе 2023 года жанчыну асудзілі на 7 сутак арышту паводле адміністрацыйнай справы,распачатай з "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" у інтэрнэце (ч.2 арт 19.11 КаАП).

Вольга Сіліч