Аляксандр Францкевіч – актывіст анархісцкага руху. Быў затрыманы ў 2020 годзе і асуджаны на 16 гадоў і 9 месяцаў зняволення паводле 15 артыкулаў Крымінальнага Кодэкса. У тым ліку за стварэнне экстрэмісцкага фармавання і за арганізацыю масавых беспарадкаў. 6 верасня 2022 г. ён быў асуджаны да 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штрафа памерам 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў).
28 лютага 2023 г. у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў, і тэрмін зняволення Аляксандра Францкевіча быў скарочаны на тры месяцы.
6 сакавіка 2023 г. КДБ уключыў палітзняволенага ў "тэрарыстычны спіс". 26 траўня 2023 г. МУС унесла палітзняволенага ў "экстрэмісцкі спіс". У Францкевіча няма адной ныркі, але яго шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА.
Аляксандр ужо быў асуджаны раней, у 2011 годзе, па "справе анархістаў": 24 траўня суд Завадскога раёна Мінска асудзіў Францкевіча на 3 гады пазбаўлення волі, якія той адбываў у івацэвіцкай калоніі. У кастрычніку 2011 года праваабаронцы першы раз прызналі Францкевіча палітычным зняволеным.
Стрыечны брат Аляксандра Францкевіча – Ілля Лабацэвіч, таксама былы палітвязень.
27 лістапада 2020 суд Наваполацка асудзіў яго на паўтара гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Іллю асудзілі за тое, што ён бараніў маці ад міліцэйскіх дубінак: пасля затрымання Аляксандра Францкевіча ў 2020 годзе Наталля Лабацэвіч разам з сынам выйшлі ў Наваполацку на мірную акцыю пратэсту і трапілі пад разгон. Калі побач амапаўцы пачалі збіваць чалавека, яны вырашылі заступіцца. Іх таксама пачалі збіваць, Ілля стаў бараніць маці, за што атрымаў удар па галаве дубінкай...
Ілля цалкам адбыў пакаранне і 11 студзеня 2022 выйшаў на волю.
Ангеліна Прыймак