Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала святара палітычным зняволеным. Зараз ён знаходзіцца ў віцебскім СІЗА - «у знясіленым стане», як стала вядома вернікам шумілінскай парафіі.
На сайце місіянераў-аблатаў у ЗША працытаваны выказванні Анджэя Юхневіча пра вайну супраць Украіны:
"Пішучы гэтыя словы, я рызыкую быць пераследаваным у беларускім судзе, але я хацеў бы, каб гэтая нязгода прагучала публічна».
«Попел на головы. У дадзены момант гісторыі для многіх беларусаў гэты жэст не толькі сімвалічны, але і выражае ўнутраны стан: перажыванне глыбокага сораму і дэпрэсіі. Бо з нашай краіны, з нашай зямлі ідуць ваенныя напады расейцаў, правакацыі і халакост украінскага народу».
«Ад свайго імя і ад імя ўсіх місіянераў-аблатаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у Беларусі, хачу выказаць нашу глыбокую салідарнасць і духоўную падтрымку нашым братам ва Ўкраіне і ўсяму ўкраінскаму народу» «...мы вырашылі кожны дзень маліцца разам з нашымі парафіянамі за навяртанне Расіі і Беларусі і за неадкладнае спыненне вайны ва Украіне».
10 траўня за «пікет, праведзены ў сацсетках» суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна прысудзіла ксяндзу з Шуміліна першы арышт на 15 сутак. Падчас разбіральніцтва Анджэй Юхневіч пацвердзіў, што з'яўляецца карыстальнікам сацыяльнай сеткі «Facebook», дзе мае акаўнт. І што на гэтай старонцы ён размясціў фотаздымак, дзе людзі стаяць на бел-чырвона-белым фоне. Але Юхневіч не пагадзіўся з тым, што такім чынам ён выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы і пратэставаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў 2020 годзе. Таксама святар пацвердзіў наяўнасць у яго акаўнце дзяржаўнага сцяга Украіны. І патлумачыў, што гэтым ён выказаў скруху наконт гібелі мірных жыхароў суседней краіны падчас вайны з Расіяй. Суддзя прызнала ксяндза вінаватым паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП.
Пасля гэтага Анджэю Юхневічу прысудзілі яшчэ некалькі адміністрацыйных арыштаў, але ў чым яго звінавацілі – невядома. 4 ліпеня Анджэя Юхневіча перавялі з віцебскага ІЧУ, дзе ён адбываў адміністрацыйныя арышты, прысуджаныя адзін за адным, у віцебскі СІЗА.
Ксёндз Анджэй Юхневіч - святар ордэна Місіянераў Облатаў Беззаганнай Марыі, ён з'яўляецца кіраўніком каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх абшчын Беларусі. Затрыманне ксяндзоў Анджэя Юхневіча (а таксама ксяндза Паўла Лемеха, які пасля адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю ) адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай.
Супольнасць, якая з 1816 г. носіць назву Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай, паўстала ў Францыі ў пачатку 19 стагоддзя. «Аблат» значыць «ахвяраваны», «ахвяраваны Марыі Беззаганнай». Сваю місію прадстаўнікі бачаць у тым, каб «несці Хрыста тым, каму Ён найбольш патрэбны: людзям духоўна і матэрыяльна бедным, якім патрэбна надзея. У цэнтры духоўнасці аблатаў знаходзіцца асоба Хрыста, і абавзак кожнага аблата — усімі сіламі Яго наследаваць.
Марыянна Летуновіч