Субота, 11 Лістапад 2023

Віцяблянку Яну Пінчук ўнеслі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

10 лістапада «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» папоўніўся на 21 асобу, сярод іх – палітзняволеная Яна Пінчук, ураджэнка Віцебска, асуджаная да да 12 гадоў зняволення па 5-ці артыкулах Крымінальнага Кодэкса, у тым ліку па арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім ).

Яна Пінчук была затрымана ў Санкт-Пецярбургу 1 лістапада 2021 года. Па дадзеных следства, дзяўчына з верасня 2020 па лістапад 2021 года адміністравала тры пратэсныя тэлеграм-каналы - «больш за год займалася дыскрэдытацыяй афіцыйнай улады ў інтэрнэце і заклікамі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту". Таксама паведамлялася, што Яна праходзіць па трох эпізодах, кваліфікаваных як "прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы і кіраванне незаконным фармаваннем".

3 кастрычніка мінулага года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Яну Пінчук палітычнай зняволенай.

Ёй паставілі ў віну наступныя артыкулы Крымінальнага кодэкса:

ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);

ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, ажыццяўленню дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі);

ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання);

ч. 3 арт. 293 (навучанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках);

ч. 1 арт. 290-4 (дзейнасць па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці такой арганізацыяй, або яе часткай ці яе структурнымі падраздзяленнямі).

Суддзя Мінскага гарадскога суду Любоў Сімахіна сёлета 6 чэрвеня прызначыла Яне 12 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. 20 кастрычніка апеляцыйную скаргу на гэты вырак разглядаў Вярхоўны суд, пасяджэнне было закрытым.

Станіслаў Іваноўскі