Сваякі не атрымліваюць лістоў ад Віктара Бабарыкі з лютага гэтага году. Адвакат апошні раз з ім сустракаўся ў сакавіку. У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 г. Віктара Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі з калоніі ў аддзяленне хірургіі наваполацкага шпіталю: у яго была вадкасць у лёгкіх. Пасля шпіталя зняволенага зноўку вярнулі ў ПК №1.
17 ліпеня сваякоў палітыка запэўнівалі ў наваполацкай калоніі, што яго здароўю нічога не пагражае, але самога палітвязня не паказалі. Ёсць звесткі, што Віктара Бабарыку трымаюць аднаго ў памяшканні камернага тыпу, калі дакладна гэта адбылося — невядома. Таксама ёсць звесткі, што ўзімку Бабарыку ўтрымлівалі ў ШІЗА.
Пераслед Віктара Бабарыкі пачаўся з таго, што 12 траўня 2020 г. ён выйшаў з складу праўлення "Белгазпрамбанка", звольніўся з пасады старшыні праўлення па ўласным жаданні і паведаміў аб сваім намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. За кароткі тэрмін Бабарыка стварыў другую па колькасці ініцыятыўную групу (каля 9 тысяч чалавек, у той час як у Лукашэнкі было 11 тысяч чалавек). Таксама ён паставіў рэкорд па колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Паводле звестак ягонага штаба, іх было сабрана больш за 430 тысяч, а пададзена ў ЦВК — 365 тысяч.
Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 г., калі разам з сынам Эдуардам ён накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР "праводзіліся вучэнні". У гэты ж дзень Віктар Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ.
19 чэрвеня 2020г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Віктара бабарыку палітычным зняволеным.
Ігар Муцілін