Пятніца, 18 Жнівень 2023

Анджэя Пачобута на паўгода змясцілі ў ПКТ у наваполацкай калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра гэта зняволены журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі напісаў у адным з лістоў дадому. У наваполацкую ПК№1 ен трапіў у канцы траўня. Яго размеркавалі туды адбываць пакаранне, прысуджанае паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці ці варажнечы). 8 лютага 2023 г. суддзя Гродзенскага абласнога суду Дзмітрый Бубенчык прысудзіў Анджэю Пачобуту восем гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Прычынай пакарання, як вынікае з ліста з калоніі, стала адмова ад працы, якую, паводле Пачобута, немагчыма выканаць. Як было вядома праваабаронцам, у калоніі журналіст працаваў на ачыстцы правадоў – здабываў медзь. Пачобут мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Аднак, калі спачатку фельчар адмовілася падпісаць медыцынскую даведку пра тое, што Анджэй па стане здароўя можа ўтрымлівацца ва ўмовах памяшкання камернага тыпу (ПКТ) ( пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140), то на наступны дзень прыйшоў іншы медык, урач-тэрапеўт, і падпісаў даведку.

Незадоўга да гэтага да гэтага ў наваполацкай папраўчай калоніі Анджэй Пачобут правёў 30 сутак у штрафным ізалятары, куды яго змясцілі адразу з каранціну пасля этапавання.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 г. у Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі Саюза палякаў Беларусі. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст ад 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

Свае віны журналіст не прызнаў, праз апеляцыйную скаргу ен спрабаваў аспрэчыць прысуд у Вярхоўным судзе. 26 траўня суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Ігар Любавіцкі адхіліў апеляцыйную скаргу Анджэя Пачобута, разгляд скаргі адбыўся ў закрытым рэжыме.

31 траўня 2021 г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Пачобута палітычным зняволеным.

Увесь час знаходжання пад вартай журналісту забаранялі спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзуруюцца і блакуюцца. Цягам больш чым двух гадоў за кратамі Анджэй Пачобут адчуваў пастаянны ціск. Тым не менш, ён неаднаразова адхіляў прапановы вызвалення ў абмен на просьбу аб памілаванні і ад’езд з Беларусі.

23 чэрвеня 2023 г. МУС унесла палітвязня ў "спіс экстрэмістаў".

Станіслаў Іваноўскі