Вядома таксама, што адміністрацыя калоніі цісне на палітзняволенага праваабаронцу: яго з верасня зрабілі «парушальнікам», пазбавілі кароткатэрміновага спаткання і права на пакупкі ў краме. Жонка спадара Судаленкі распавядае, што яму не перадаюць лісты з волі – апрача хіба тых, што піша яна, і тое рэдка, прыкладна раз на месяц. Кіраўніцтва калоніі накіравала яго на больш цяжкую працу – разбор правадоў, раней Леанід Судаленка працаваў на лесапільні. Аднак, нягледзячы на гэткія выпрабаванні, праваабаронца трымаецца бадзёра і працягвае пісаць скаргі па сваёй справе.
Гомельскі праваабаронца быў затрыманы раніцай 18 студзеня 2021 г. па дарозе на офіс, яго дапыталі ў межах крымінальнай справы, распачатай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Напярэдадні былі праведзены ператрусы ў яго дома і ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс «Гомельскай Вясны».
У кастрычніку 2022 г., амаль праз 10 месяцаў пасля затрымання, МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік »асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці«.
Станіслаў Іваноўскі