Неўзабаве пасля затрымання на адным з праўладных каналаў выйшла «пакаяльнае відэа», дзе Сяргей Грыбовіч казаў, што выказаў жаданне ваяваць ва Украіне. Для гэтага ён запоўніў анкету ў Telegram, адгукнуўшыся на заклік былога рэстаратара і актывіста Вадзіма Пракоп’ева, які 5 сакавіка абвясціў набор трохсот беларусаў у батальён добраахвотнікаў, каб бараніць Украіну ад расейскай агрэсіі. Перад тым, 8-га лютага YouTube-канал «Вадим Прокопьев» і ягоны тэлеграм-канал «Радио Гаага» былі прызнаныя экстрэмісцкімі на тэрыторыі Беларусі.
За той час, пакуль Грыбовіч знаходзіўся ў СІЗА-2, следчыя прызналі яго вінаватым ужо не па двух, а па пяці артыкулах Крымінальнага Кодэксу:
- арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады)
- арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)
- арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы)
- арт. 367 (Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)
- арт. 361-3 (Удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы.
Суд над палітвязнем праходзіць у закрытым рэжыме.
Станіслаў Іваноўскі