Разабрацца тут зусім няпроста, а каб зняць многія пытанні праваабарончай супольнасці варта было б у дадатак да тэрміну «палітычны вязень» («палітычна зняволены») укараніць у шырокі ўжытак так патрэбны панятак «палітычна рэпрэсаваныя». Гэта намнога больш шырокі ахоп усіх тых, каго ў той ці іншай ступені закрануў пераслед і ціск уладаў. Катэгорый фактычна рэпрэсаваных і абмежаваных дзяржавай у правах з палітычных прычын досыць многа. У пераліку палітычна рэпрэсаваных можна вылучыць наступныя катэгорыі:
- Палітвязні. Гэта найбольш пацярпелая катэгорыя, менавіта тыя, хто знаходзяцца за кратамі ў зняволенні альбо ў месцах абмежавання волі. Частка з іх ужо засуджана да канкрэтных тэрмінаў, іншая частка знаходзіцца пад так званым «следствам».
- Тыя людзі, якія пакараныя судамі абмежаваннем волі без накіравання ва ўстановы «папраўчага тыпу» (так званая «хатняя хімія»), чалавек у такой сітуацыі шмат у чым абмежаваны, але ён знаходзіцца дома.
- Тыя людзі, якія адбылі свой тэрмін зняволення і ўжо выйшлі з карных установаў на свабоду.
- Засуджаныя да тэрмінаў, якія былі змушаныя выехаць з Беларусі ў выніку карных прысудаў ці збеглі з месцаў зняволення.
- Асобы, якія знаходзіліся пад пагрозай крымінальнага пераследу ў статусе падазраваных і з’ехалі за мяжу.
- Людзі, якія пад пагрозай крымінальнага пераследу ў статусе падазраваных і застаюцца ў Беларусі.
- Асобы, якія зазналі палітычны пераслед у выглядзе адміністрацыйнага арышту і штрафаў.
- Людзі, якія ў выніку непасрэднага ціску (адміністрацыйныя арышты, адміністрацыйныя штрафы, выклікі на допыты як сведак з боку абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах) былі змушаныя з’ехаць з краіны.
- Тыя, што былі збітыя сілавікамі ў час жнівеньскіх падзей 2020 года на вуліцах гарадоў, але пазбеглі адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу.
- Людзі, якія былі звольненыя з працы паводле палітычных матываў.
Пералічана тут ажно дзесяць катэгорый пацярпелых, якія магуць патрапіць пад азначэнне «палітычна рэпрэсаваных». Гэтых катэгорый можа яшчэ больш (прыкладам яшчэ сваякі пацярпелых ад пераследу), патрэбныя тут па кожнай катэгорыі дакладныя азначэнні і дэфініцыі. Паўстае пытанне таксама, хто возьмецца рабіць гэтую тытанічную працу па зборы, апрацоўцы інфармацыі і складанні такіх грунтоўных дэталёвых спісаў.
Цяпер давайце паспрабуем разабрацца, якая рэальная колькасць палітвязняў на сёння ў Беларусі. Паводле шэрагу праваабарончых арганізацый, найбольш аўтарытэтнай з якіх ёсць забаронены даўно цэнтр «Вясна», такімі на 3 кастрычніка 2022 года былі прызнаныя 1324 чалавекі. Праваабарончая супольнасць кіруецца сваімі крытэрамі прызнання, якія варта ў сітуацыі татальнага пераследу пашырыць і зрабіць спрошчанымі.
Іншая грамадская ініцыятыва «Дысідэнт-бай» (dissidentby) налічвае 1640 палітвязняў. Менавіта гэтая розніца больш чым на 300 чалавек і ёсць галоўным прадметам дыскусій.
З іншага боку дыспануем дакументальным спісам так званых «экстрэмістаў», складзеным дзяржаўным Мінстэрства унутраных спраў. У ім на сёння 573 чалавекі. Пераважная бальшыня з іх, прынамсі тыя, што ў зняволенні, прызнаныя палітвязнямі. Праблема палягае яшчэ ў тым, што многія сваякі рэальных палітвязняў стараюцца замоўчваць і хаваюць сітуацыю з арыштамі і крымінальнымі справамі сваіх блізкіх. А ў сённяшніх умовах ні правабаронцы, ні журналісты, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, не ў стане адсачыць усе суды па крымінальных справах. Колькі такіх «схаваных» невядомых спраў ніхто не ведае, але можна меркаваць, што іх можа быць яшчэ некалькі соцень. Некаторыя засуджаныя паводле так званых дыфамацыйных, «палітычных» артыкулаў, самы не хочуць мець статус палітвязня. Праблемаў, як бачыце, шмат і развязаць іх не проста.
Уладзімір Хільмановіч