З канца чэрвеня 2022г Мікалая Статкевіча ўтрымліваюць у глыбоцкай калоніі № 13, вядомай пад народнай назвай «Беразвечча». Паводле ягоных лістоў, напісаных да жонкі Марыны Адамовіч, адміністрацыя папраўчай установы адразу ж паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму, а ў ліпені пазбавіла рэжымнай перадачы і змясціла ў ШІЗА.
«Мікалай па-ранейшаму ў ШІЗА у Глыбокім. Як мінімум, да 4-га жніўня. Як мінімум, цягам месяца – трэці раз па 10 сутак. У прамежках, пакуль «афармляюць парушэнні», выводзяць на некалькі гадзін у маленькую камеру метр шырынёй. Што будзе далей, не ведаю. З навінаў – хіба толькі новы «пачэсны» статус «злоснага парушальніка». «Экстрэмістам» ужо раней абʼявілі. Здавацца Мікалай не збіраецца», –напісала Марына Адамовіч у Фэйсбуку.
Яна просіць падтрымаць зняволенага віншаваннямі з днём народзінаў, якія можна дасылаць на адрас: 211793 Віцебская вобл., г. Глыбокае вул. Савецкая, 205 ПК-13, Статкевічу Мікалаю Віктаравічу.
Феліцыян Красоўскі