За ўдзел у грамадскіх пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў хворы на анкалогію віцебскі палітвязень адбывае пакаранне ў Івацэвіцкім раёне – у ПК №22 «Воўчыя норы». Уладзімір Малахоўскі яшчэ на волі прайшоў 4 курсы хіміятэрапіі. Аднак перад этапаваннем у калонію адмысловая камісія пазбавіла яго 3-й групы інваліднасці, дадзенай у адпаведнасці з захворваннем, а заадно і пенсіі памерам 250 рублёў. Належнага кантролю за здароўем ва ўмовах калоніі палітвязень не мае.
Паводле абвінавачання, Уладзімір Малахоўскі 13 верасня 2020 г. браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым шэсці, «наўмысна і супрацьпраўна ўчыніў гвалт і пагражаў гвалтам супрацоўнікам МУС пры выкананні імі службовых абавязкаў», спрабаваў нібыта біцца з міліцыянтамі, чапляўся за форму, пашкодзіў яе, сарваў міліцэйскі жэтон, распыліў газавы балончык у бок супрацоўнікаў міліцыі пасля затрымання.
Сваёй віны палітвязень не прызнаў: падчас суду ён цвердзіў, што на акцыі ні з кім у бойку не ўступаў, пры затрыманні супраціву міліцыянтам з ягонага боку не было. Гэта на яго напалі некалькі супрацоўнікаў, моцна збілі, пашкодзілі некалькі пальцаў на руцэ. У аўтазаку ў Малахоўскага знайшлі газавы балончык, і супрацоўнік міліцыі, які вырашыў яго забраць, выпадкова націснуў на кнопку ды выпусціў газ. Пазней ён заявіў, што затрыманы «хацеў яго атруціць».
16 верасня 2020 году Уладзіміра Малахоўскага асудзілі за адміністрацыйнае правапарушэнне – за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці паводле ч.1 арт. 23.34. Суд быў выязны, бо падсудны знаходзіўся ў віцебскім ІЧУ. Па крымінальнай справе, распачатай супраць яго за кратамі, палітвязень быў накіраваны ў «Воўчыя норы» – папраўчую калонію ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці, якая лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі. Адпраўляюць туды ў асноўным людзей, асуджаных паводле «наркатычнага артыкулу» 328 КК, і для зняволеных ствараюць найбольш суровыя ўмовы ўтрымання.
Феліцыян Красоўскі