«Цяпер я ў Віцебску, у СІЗА-2. Нас усіх накіравалі па СІЗА краіны па месцы жыхарства. У Мёрах СІЗА няма, таму – Віцебск. Ніякага руху па справе няма наагул. Бязглуздзіца поўная і невядомасць… 30 снежня будзе тры месяцы, як мы сядзім», – піша ў апошнім лісце на волю Эма Сцепулёнак.
Паведамляе ў лісце, што ўмовы ўтрымання ў Віцебску вонкава лепшыя, але насамрэч нават горшыя за тыя, што былі ў следчай турме ў Жодзіне.
«Харчаванне аднастайнае, медабслугоўвання практычна няма (падала тры заявы да тэрапеўта, але так і не прыняла мяне)». А ціск скача. Пасцельнага рэжыму не маю. Наагул, на людзей тут напляваць. У Жодзіне было нашмат лепей», – піша палітзняволеная.
Жанчына піша, што засталася зусім адна ў Беларусі. Усё жыццё аддала школе і дзецям, дапамагала сястры, якая зараз жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Прызнаецца, што ў у турме пазнаёмілася з многімі выдатнымі людзьмі, якія падтрымліваюць яе.
Эма Сцепулёнак была затрыманая 29 верасня 2021 году ў межах крымінальнай справы, распачатай за каментары ў сацсетках пасля забойства ў Менску супрацоўніка КДБ («справа Зельцара»). Яе абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах – 130 і 369.
Падтрымаць палітзняволеную можна лістамі, якія дасылаем на адрас: Эме Антонаўне Сцепулёнак. СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2
Янка Прас