Пятніца, 25 Чэрвень 2021

Жонка палітвязня Андрэя Новікава: Следства завершанае, чакаем суду

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Андрэй Новікаў Андрэй Новікаў

Падпалкоўнік расейскай паліцыі ў адстаўцы, грамадзянін РФ і беларускі палітвязень Андрэй Новікаў больш за два месяцы ўтрымліваецца ў менскім СІЗА-1 на вул. Валадарскага. Гэтым разам яму інкрымінуюць незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы (арт. 371 КК). Следства ўжо завершанае. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня.

«Чакаем суду. Калі будзе суд, пакуль не ведаю. Дату пакуль не ўстанавілі. Дзе адбудзецца суд, таксама не ведаю. Дзесьці ў Віцебскай вобласці пройдзе», – кажа жонка Андрэя Новікава Вольга.

Спаткання не дазволілі

Жанчына адна выхоўвае дваіх няпоўнагадовых дзяцей, адзін з іх мае групу інваліднасці. За два месяцы яна ніводнага разу не пабачыла мужа.

«Спатканне ніхто не дазваляе. Не даюць пакуль што. Маўляў, пакуль следства – ніякіх спатканняў. Цяпер ужо, відаць, пабачымся на судзе», – кажа.

Ад амбасады РФ - нуль рэакцыі

Па словах Вольгі, тое, што Андрэй мае расейскае грамадзянства, пакуль што ніякім чынам яму не дапамагае. З боку амбасады РФ – нуль рэакцыі.

«Расейскае пасольства ніякага ўдзелу ў гэтым не бярэ. Чакаем, чакаем, а ніхто не прыходзіць, не прыязджае. Хоць звярталіся. І з Расеі звярталіся, і сам муж звяртаўся. Але ніякай рэакцыі. Чакаем...» – падзялілася жанчына.

Паводле Вольгі, у Расеі ў яе мужа амаль нікога няма. Пасля дэпартацыі ён папрацаваў там некалькі месяцаў.

«Выперлі чалавека, вырвалі з жыцця. І пакінулі без усяго. Тут усё ў яго, у Беларусі – і сям'я, і маёмасць. Усе сваякі на Пастаўшчыне», – абураецца Вольга.

Лісты з Валадаркі

Андрэй Новікаў пасля дэпартацыі з Беларусі прыняў рашэнне вярнуцца дадому, у вёску Прусы Пастаўскага раёну, каб адвезці ў Менск на лячэнне хворага дзіцяці. Але зрабіць гэтага так і не здолеў – яго зноў затрымалі.

«У Менск на лячэнне я дзіця адвезла-ткі. Прыйшлося ўсё мяняць, усё зрываць, усё перарабляць. І наагул кучу ўсяго вырашаць, але ўсё ж паехалі», – распавядае Вольга.

Яна расказала, што атрымала з Валадаркі некалькі лістоў ад мужа.

«Лісты піша. Піша, што адчувае сябе нармальна. Ён аптыміст. Трымаецца як звычайна. Малайчына!» – кажа жонка палітвязня.

Андрэй Новікаў, падпалкоўнік расейскай паліцыі ў адстаўцы, быў затрыманы 14 красавіка 2021 года ў вёскі Прусы, што на Пастаўшчыне, куды таемна прыехаў да сваёй сямʼі, каб адвезці хворага дзіця на лячэнне. Яго абвінавацілі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы (арт. 371 КК), у доме прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка і дакументы.

Раней, падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 году, ён браў актыўны ўдзел у якасці валанцёра «Краіны для жыцця». Супраць яго была распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Справа дагэтуль не спыненая. 7 месяцаў Новікаў правёў у следчым ізалятары, пасля ўлады дэпартавалі яго ў Расею, забараніўшы цягам 10 гадоў уязджаць на тэрыторыю Беларусі. Андрэй быў прызнаны палітвязнем.

Уладзімір Бяляўскі