Панядзелак, 18 Студзень 2021

Віцяблянін Андрэй Цімафеенка прызнаны палітвязнем

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Андрэй Цімафеенка падчас абвяшчэння прысуду Андрэй Цімафеенка падчас абвяшчэння прысуду

46-гадовы жыхар Віцебску Андрэй Цімафеенка, асуджаны 2 снежня да двух гадоў пазбаўлення волі (арт. 366 КК), прызнаны палітвязнем. Адпаведную заяву з патрабаваннем перагляду прысуду і вызвалення Цімафеенкі 16 студзеня прыняла праваабарончая супольнасць Беларусі. Палітвязнямі прызнаныя таксама мянчук Дзмітрый Караткевіч і гамяльчук Сяргей Яфімаў.

Андрэй Цімафеенка быў затрыманы 30 верасня 2020 году. Яму выставілі абвінавачанне ў гвалце альбо пагрозе ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвала службовыя абавязкі (ч.1 арт. 366 КК). Падчас вулічнага шэсця 6 верасня ў Віцебску Цімафеенка адпіхнуў далонню вайскоўца ў ланцугу – менавіта гэта яму і інкрымінавалі (праваабаронцы прызналі гэтыя дзеянні «неабходнай абаронай»). Судовы працэс пачаўся 24 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску. Справу разбірала суддзя Сняжана Кіндзеева. Яна прызнала віцябляніна вінаватым і 2 снежня агучыла вырак: два гады калоніі агульнага рэжыму.

«Працягласць або ўмовы пазбаўлення волі ў такіх прысудах відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, па якім асоба была прызнаная вінаватай. Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед гэтых асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі», – гаворыцца ў заяве праваабарончай супольнасці.

Па стане на 18 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 185 чалавек. На сёння двое з іх – Андрэй Цімафеенка і Мікалай Чарняўскі, утрымліваюцца ў віцебскім СІЗА-2.