Субота, 11 Студзень 2020

Міхаіл Жамчужны: Лісты з волі цяпер – на вагу золата

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У апошнім па часе лісьце да віцебскіх праваабаронцаў палітвязень Міхаіл Жамчужны выказвае меркаваньне, што грамадзтва губляе цікавасьць да яго. Моцная плынь карэспандэнцыі, якую атрымліваў годам раней, ператварылася ў рэдкія лісты. Жамчужны зьвязвае гэта з электаральнай кампаніяй, якая праходзіла ў Беларусі.

«Гэтыя выбары ўсіх маіх адрасантаў выбілі зь сядла. Шчыра спачуваю ім. Разумею, як цяжка вытрымаць трохмесячны выбарчы маратон – як у якасьці кандыдатаў, так і назіральнікаў на выбарчых участках», – выказвае сваё разуменьне сытуацыі ў краіне Міхаіл Жамчужны.

«Так, сапраўды, палітвязень Жамчужны неаднаразова паведамляў мне ў лістах пра тое, што інтэнсіўнасьць ліставаньня з грамадзянскімі актывістамі заўважна паменшылася. Цяпер лісты з волі, са словаў Міхаіла, сталі «на вагу золата». Цяпер яны прыходзяць радзей, кола падтрымкі і ўвагі грамадзкасьці да зьняволенага звузілася», – мяркуе праваабаронца зь Віцебску Леанід Сьвецік.

Апошнім часам у Жамчужнага зьявіліся праблемы з падачай скаргаў у суды. Фактычна адміністрацыя калёніі пазбавіла палітвязьня канстытуцыйнага права на абарону.

«Цяпер блякуюць маю перапіску з судамі, патрабуючы даклейваць марку за 5 капеек. Заявы вяртаюць, тэрміны абскарджаньня канчаюцца, і рашэньні набываюць законную моц. А гэтую марку мне ўзяць няма дзе! Сытуацыя бязвыхадная…» – паведамляе ў лісьце палітвязень.

Жамчужны лічыць, што такія абмежаваньні зьвязаныя з тым, што ён выпрацаваў правільную стратэгію абароны ў судах.

Палітвязень высока ацэньвае працу ўсіх праваабаронцаў, бо ад 2014 году аніводны грамадзянскі альбо палітычны актывіст ня быў асуджаны на зьняволеньне.

«Я, знаходзячыся ў месцах пазбаўленьня волі і супрацоўнічаючы з праваабаронцамі ад жніўня 2014 году, перасьледаваў адзіную мэту – каб палітвязьняў у Беларусі больш не было», – піша Міхаіл Жамчужны.

У апошнія дні сьнежня, перад чарговай пасадкай у ШІЗА, Міхаіл Жамчужны пасьпяшаўся павіншаваць усіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі з цудоўнымі зімовымі сьвятамі: «Жадаю ўсім здароўя! Жыве Беларусь!»

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.