Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода паведаміў сам Ільля ў тэлефоннай размове. Ён сказаў, што сочыць за зьвесткамі аб працэсе над Андрэем Гайдуковым праз інтэрнэт, але пра саму справу казаць адмовіўся, спаслаўшыся на падпіску аб неразгалошваньні, якую даваў сьледчым. Вось што Ільля Багданаў сказаў адносна закрытасьці працэсу над Андрэем Гайдуковым: «Я таксама меркаваў, што працэс будзе адкрыты. А цяпер і ня ведаю, што сказаць… Было б прасьцей і зручней, каб працэс быў адкрыты, але, відаць, — вырашылі інакш. Ня ведаю, як гэта пракамэнтаваць».
У лістападзе 2012 году, калі КДБ арыштаваў Андрэя Гайдукова, Ільлю Багданава таксама выклікалі на допыты ў КДБ. Ён, абвінавачаны Гайдукоў, а таксама іх сябра Яўген Канстанцінаў спрабавалі стварыць у Наваполацку гэтак званы «Саюз маладых інтэлектуалаў». Яўген Канстанцінаў, які цяпер пражывае ў Менску, у суд пакуль не выклікаўся, але ў аўторак, 18 чэрвеня, ён зьбіраецца прыехаць да Віцебскага абласнога суду, бо, паводле ягоных зьвестак, у гэты дзень можа прагучаць прысуд.
Маці абвінавачанага выкліку ў суд у якасьці сьведкі не дачакалася. Вольга Гайдукова рыхтавалася ехаць у Віцебскі абласны суд, атрымаўшы позву. Але цяпер гаворыць, што паедзе ў Віцебск нават калі судзьдзі не захочуць слухаць яе сьведчаньні. Пра тое, што вырак Андрэю Гайдукову будзе зачытаны публічна, і напрыканцы ў суд пусьцяць усіх, маці падсуднага сказала так: «Гэта ўжо ня будзе мець ніякага значэньня. Калі людзям не далі паслухаць усё ад пачатку, а потым проста прачытаюць вырак, то ніхто так і не даведаецца, у чым жа вінавацяць Андрэя, за што яго лічаць шпіёнам. Як верыць таму, што мы пачуем? Як лічыць прысуд абгрунтаваным, калі па сутнасьці нічога не вядома? Навошта было рабіць з гэтага суду такую таямніцу?»
Вольга Гайдукова сказала таксама, што да яе нарэшце дайшоў ліст ад сына. Ён датаваны 8-м чэрвеня. У той час Андрэй Гайдукоў рыхтаваўся да працэсу, таму ліст кароткі. А цяпер у яго зусім іншыя задачы — даводзіць сваю невінаватасьць, кажа маці.
Тым часам, старшыня абласнога суду Мікалай Хамічонак паабяцаў вырашыць пытаньне наконт сустрэчы Андрэя Гайдукова з маці. Пра гэта апавяла каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец, якая 13 чэрвеня трапіла да яго на прыём: «Я спытала: ці лічыць спадар Хамічонак нармальным, што маці за 7 месяцаў ані разу ня бачыла сына? І што на ўсе тры яе просьбы аб сустрэчы ёй давалі адмовы, прычым апошняя адмова — ад судзьдзі Галіны Ўрбановіч, якія вядзе працэс Гайдукова? Старшыня суду паспачуваў Гайдуковым, сказаў, што па-чалавечы ўсё разумее і што гатовы прыняць Вольгу Гайдукову. Ен сказаў, што ў тым выпадку, калі яна прыйдзе да яго на прыём, ён пакліча судзьдзю Ўрбановіч ды ўсе разам яны паспрабуюць нешта вырашыць».
На прыём да Хамічонка 13 чэрвеня трапіў і Павал Левінаў. Праваабаронца распавёў пра зьмест яго гутаркі са старшынём абласнога суду: «Спадар Хамічонак пагадзіўся, што ў парадку дня трэба было адразу пазначыць, што працэс закрыты. Гэта нідзе не пазначана, і ва ўсіх складаецца памылковае ўражаньне пра працэс. Апрача таго, спадар Хамічонак пагадзіўся ў бліжэйшы час даць адказ, ці дазволяць мне прысутнічаць на працэсе — пра гэта хадайнічаў БХК. Я сказаў, што гатовы даць падпіску пра неразгалошваньне таго, што пачую ці ўбачу. Пазнаёміў старшыню суду з тым, што зафіксаваў у маніторынгу парушэньняў за ўчорашні дзень. І сказаў, што зварот да яго з прычыны гэтых парушэньняў будзе не адзіным».
Грамадзкаму актывісту Андрэю Гайдукову інкрымінаваныя частка 1 артыкулу 14 Крымінальнага кодэксу — гэта замах на злачынства, і частка 1 артыкулy 356 — гэта здрада дзяржаве ў выглядзе агентурнай дзейнасьці. Паводле зьвестак з суду, Андрэй Гайдукоў сваёй віны не прызнае.
Паводле Радыё Свабода