Серада, 20 Май 2020

Пракуратура папярэдзіла яшчэ аднаго віцябляніна за ўдзел у стрыме Ціханоўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Аляксей Саламаненка, фота: racyja.com/ Аляксей Саламаненка, фота: racyja.com/

Афіцыйнае папярэджаньне наконт недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах далі жыхару Віцебску Аляксею Саламаненку. Несанкцыянаваным пікетам пракуроры палічылі стрым блогера Сяргея Ціханоўскага, які прыяжджаў у Віцебск 30-га красавіка, перадае Беларускае Радыё Рацыя.

Паводле Аляксея Саламаненкі, забараняць людзям сустракацца на вуліцы несправядліва.

«Проста людзі сустрэліся, паразмаўлялі. Я ўвогуле не разумею: атрымліваецца, што ў нас людзям увогуле на вуліцы сустракацца нельга, калі дамовіцца праз сацыяльныя сеткі. Я лічу, што гэта несправядліва, і, шчыра сказаць, для мяне ўвогуле неяк дзікавата, што ёсьць такі артыкул…Я сябе не лічу правапарушальнікам, і я адмовіўся даваць паказаньні супраць самога сябе на падставе артыкулу 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», – расказаў віцяблянін.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, папярэджаньне пракуратуры ня мае карных наступстваў, а на дадзены момант выкарыстоўваецца для запалохваньня.

«У адпаведнасьці з Законам аб пракуратуры, пракурорскае папярэджаньне – гэта акт пракурорскага рэагаваньня. У прынцыпе, ён не нясе ніякіх прававых наступстваў. Гэта такі акт запалохваньня, які пачаў прымяняцца з пачаткам гэтай электаральнай кампаніі, гэта такі элемэнт, каб застрашыць», – тлумачыць Павал Левінаў.

Паводле праваабаронцы, пракурорскае папярэджаньне не замяняе судовага пакараньня: калі міліцыя складзе пратакол на Аляксея Саламаненку і перадасьць яго ў суд, то ён можа быць аштрафаваны альбо пакараны арыштам.

Наколькі вядома на гэты момант, пратакол за ўдзел у стрыме 30-га красавіка на Аляксея Саламаненку не складалі. Але 22 траўня яго будуць судзіць за так званае кармленьне галубоў – акцыю грамадзкай салідарнасьці, што прайшла ў Віцебску 3 траўня.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.