Серада, 11 Ліпень 2018

Віцебскі гарвыканкам ня даў дазволу партыі БНФ на правядзеньне фэстывалю «Дзень незалежнасьці»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Кастусь Смолікаў Кастусь Смолікаў

Пра адмоўнае рашэньне гарадзкіх уладаў наконт заяўленай імпрэзы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў Кастусь Смолікаў, кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ. Вулічны фэстываль «Дзень незалежнасьці» мусіў адбыцца 27 ліпеня на цэнтральных пешаходных вуліцах Віцебску – Талстога, Крылова і Суворава, а таксама ў парку Партызанскай славы імя Міная Шмырова.

Дата для фэстывалю была выбраная невыпадкова: да 1996 году 27 ліпеня лічыўся афіцыйным Днём незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, бо менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР.

У заяўцы, накіраванай ў гарвыканкам, спадар Кастусь спаслаўся на артыкул 35 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам свабоду сходаў, мітынгаў і іншых масавых мерапрыемстваў, і на Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

У сваю чаргу Віцебскі гарадзкі камітэт у асобе Віктара Глушына, намесьніка кіраўніка, спаслаўся на рашэньне гэтага выканаўчага органа №881 ад 10 ліпеня 2009 году «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». Маўляў, калі імпрэза праходзіць у некалькіх раёнах гораду, то тады пытаньне наконт дазволу на яе правядзеньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі гарвыканкаму; а калі ў адным раёне, як у выпадку з заяўкай кіраўніка абласной арганізацыі БНФ, то трэба зьвяртацца ў адміністрацыю адпаведнага раёну.

Паводле словаў Кастуся Смолікава, ён ня спыніцца на гэтым і будзе цяпер падаваць заяўку ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску.

Уладзімер Бяляўскі