Старшыня абласной арганізацыі БНФ Кастусь Смолікаў, які падаваў заяву як прыватная асоба, спасылаючыся на сваё канстытуцыйнае права, прасіў кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску дазволіць правядзеньне масавага мерапрыемства. Мяркуючы, што праз супольныя вайсковыя вучэньні Беларусі і Расеі існуе рэальная пагроза дзяржаўнаму сувэрэнітэту краіны, Кастусь меўся на пікеце выказаць сваю нязгоду з транспартаваньнем у Беларусь значнай колькасьці вайсковых частак Расейскай Фэдэрацыі.
Як арганізатар, у сваёй заяве спадар Смолікаў дэкляраваў у часе пікетаваньня забесьпячэньне грамадзкага парадку, мэдычнага абслугоўваньня і ўпарадкаваньне тэрыторыі па заканчэньні мерапрыемства.
Выказаныя запэўніваньні, як і трэба было чакаць, не падаліся пераканаўчымі для кіраўніцтва раённай адміністрацыі. Сваю адмову заяўніку намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі Алена Шарай абгрунтавала адсутнасьцю ў яго неабходных у такіх выпадках дамоваў з мэдыкамі, міліцыянтамі і камунальнікамі, якія прадугледжвае рашэньне гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
Адмова Кастусю Смолікаву ў правядзеньні пікету сталася першай пасьля таго, як сёлетнім рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму ад 12 чэрвеня былі ўнесеныя фармальныя зьмены ў згаданае вышэй рашэньне № 881. Зразумела, што дзьве ўнесеныя ўладамі папраўкі – абсалютна не істотныя і маюць тэхнічны характар. Замена абавязку заключаць дамову на мэдычнае абслугоўваньне з упраўленьнем аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму замест цэнтральнай паліклінікі ніяк не гарантуе заяўніку большай даступнасьці ў рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права на публічны пратэст.
С. Горкі