Своечасовая дапамога ўкраінцам, якія атабарыліся на Віцебшчыне, стала магчымай дзякуючы дабрачыннаму праекту Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа «Падтрымка намаганьняў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа па аказаньні дапамогі перамешчаным жыхарам Украіны». Апроч матэрыяльнай дапамогі, пры ўзьнікненьні пагрозы здароўю або жыцьцю вымушаных перасяленцаў з Украіны, ім будуць аплачвацца паслугі мэдыкаў і мэдычныя тавары.
Магчымасьць атрымліваць матэрыяльную дапамогу ва ўкраінскіх мігрантаў захаваецца да 1 чэрвеня бягучага году. Работнікі віцебскага БТЧК будуць штомесяц выдаваць украінскім грамадзянам ваўчары на набыцьцё прадуктаў харчаваньня і сродкаў гігіены.
На атрыманьне дабрачыннай выплаты прэтэндуюць адзінокія і пажылыя людзі, пэнсіянэры, людзі з рознымі формамі фізычных абмежаваньняў, чальцы шматдзетных і няпоўных сем'яў, а таксама тыя мігранты, якія з тых ці іншых прычын не зьбіраюцца найбліжэйшым часам вяртацца ва Ўкраіну. Памер аднаго ваўчара роўны 1 мільёну рублёў. Колькасьць ваўчараў, што выдаюцца, прапарцыйная колькасьці чальцоў сям'і.
Неабходна адзначыць, што мігрантам не выдаецца гатоўка. Згодна з існуючай практыкай, БТЧК пералічвае грошы ў сыстэму Белкаапсаюзу Віцебскай вобласьці па месцы пражываньня ўцекачоў, і ўкраінцы, якія маюць патрэбу ў дапамозе, атрымліваюць прадукты і сродкі гігіены ў найбліжэйшых крамах райспажыўтаварыства.
І напасьледак. Хочацца заклікаць усіх жыхароў Віцебску і Віцебскай вобласьці, якія неабыякавыя да чалавечага гора і бяды, ахвяраваць грошы, дабротлівае адзеньне і абутак, сродкі гігіены, дзіцячыя тавары для патрэб вымушаных перасяленцаў і ўцекачоў. Работнікі Чырвонага Крыжа і тыя, хто мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы, будуць удзячныя за любое ахвяраваньне.