Прапагандысты падаюць усё так, нібыта ўлады вырашылі проста адпусціць бацьку і сына: «А навошта Кузнечыкі нам? Як аказалася, абузай яны былі для шведаў, ну а цяпер няхай Латвія находзіць прымяненне чарговым беглым, ядуць яны шмат», — абгрунтоўвае рашэнне вядучая.
Гэта галоўны пасыл сюжэта на ТБ — мы усёвідушчае вока, і без нашай адмашкі два беларусы, якія праходзяць па крымінальнай справе (артыкул 364 КК — гвалт ці пагроза яго прымянення ў дачынення да супрацоўніка ўнутраных органаў), не змаглі б збегчы з краіны нават пад прыкрыццём дыпламатаў.
Галоўныя героі сюжэта Уладзь і Віталь Кузнечыкі сустрэлі новую версію з тлумачэннем паспяховасці іх уцёкаў са смехам:
«Мы смяяліся ў лагеры па некалькі разоў, пераглядаючы сюжэт», — пракаментаваў «Нашай Ніве» Уладзь Кузнечык.
«Насамрэч, я ведаю ад знаёмых, што целарухі невядомых людзей каля шведскай амбасады ў Мінску, дзе мы жылі год і дзевяць месяцаў, пачаліся толькі пасля нашага першага інтэрв’ю СМІ — пасля нашай сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Некалькі дзён там невядомыя людзі вакол кружылі, я ведаю гэта ад праверанай крыніцы, але не магу казаць ад каго дакладна, каб не нашкодзіць. То-бок, службы даведаліся, што мы здолелі з бацькам уцячы за мяжу, пачыталі пра гэта ў медыя, паглядзелі відэаінтэрв'ю, даведаліся адтуль падрабязнасці і на аснове гэтага знялі ўжо сюжэт для беларускага тэлебачання, — мяркуе Уладзь. — Яны перагледзелі запісы з камер відэаназірання, схамянуўшыся. Але ж бачна, што яны каментары пра тое, што сочаць за намі — наклалі на ўсё відэа пасля.
Ніякай слежкі за намі не было заўважана: калі яна была, то чаму яны не паказалі, куды мы дзеліся з машыны? Яшчэ смешна, што там з'яўляюцца турыстычныя дываночкі: у нас такіх не было, мы выязджалі выключна з заплечнікамі, ежай на тры дні і зменным адзеннем.
Калі б беларускія ўлады хацелі нас сапраўды адпусціць, то зрабілі б гэта раней: пасол Швецыі пад канец 2021 і ў пачатку 2022 года некалькі разоў ездзіла ў МЗС Беларусі, прасіла, каб нам дазволілі выехаць з краіны з гуманных меркаванняў: для медыцынскага абследавання і лячэння. У МЗС адмовілі: сказалі што мы злачынцы, крымінальнікі».
Зараз Уладзь і Віталь Кузнечыкі збіраюць грошы на сваё ўладкаванне і лячэнне ў Латвіі: пакуль яны не атрымалі статус бежанцаў, яны не могуць працаваць. Кожны жадаючы можа падтрымаць сям’ю, заданаціўшы на іх медабследаванне і ежу з жытлом па спасылцы.