Субота, 26 Жнівень 2017

У Пастаўскім раёне спыненае функцыянаваньне каналу незаконнай міжнароднай міграцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле памежнікаў, канал па незаконнай перапраўцы грамадзян Афганістану ў Эўропу празь Беларусь існаваў зь ліпеня бягучага году. Супольную апэрацыю па ліквідацыі каналу праводзілі супрацоўнікі органаў унутраных справаў і памежнага ведамства.

Завяршальны этап работы па спыненьні дзейнасьці міжнароднага каналу прыпаў на 25 жніўня, калі ўначы апэратыўнікі затрымалі побач зь дзяржаўнай мяжою паміж Беларусьсю і Летувой чатыры аўтамабілі. У машынах знаходзіліся ўласна самі мігранты – адзінаццаць грамадзян Афганістану, і пяцёра чалавек, названых у афіцыйным паведамленьні Дзяржпамежкамітэту пра іх затрыманьне «арганізатарамі і памагатымі супрацьпраўнай дзейнасьці».

Апошнія, трое зь якіх зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, і двое – Таджыкістану, былі дастаўленыя ў Смаргонскую памежную зону дзеля разьбіральніцтва. Ім пагражае зьняволеньне на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Такое пакараньне прадугледжанае часткай 2 артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь за арганізацыю незаконнай міграцыі, зьдзейсьненую групай асобаў па папярэдняй змове. Адпаведныя крымінальныя справы ўжо заведзеныя.

У адрозьненьне ад саміх мігрантаў, якія ў Беларусі караюцца толькі паводле адміністрацыйнага кодэксу папярэджаньнем ды штрафам з дэпартацыяй або без дэпартацыі, арганізатары незаконнай міграцыі падпадаюць пад дзеяньне крымінальнага заканадаўства, і ў дадатак да пазбаўленьня волі да іх можа ўжывацца таксама канфіскацыя маёмасьці.

Кастусь Дзьвінскі