25 сакавіка Віцебскі гарвыканкам зацьвердзіў сьпіс назваў новых вуліц абласнога цэнтру, сярод якіх нарэшце зьявілася і імя народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Вуліца паўстане ў раёне былой вёскі Арэхава, якая некалькі гадоў таму сталася вуліцай на далёкім віцебскім ускрайку. У былой вёсцы жыве каля двухсот чалавек, але крамы няма, і жыхарам даводзіцца карыстацца паслугамі аўтакрамы, якая прыяжджае двойчы на тыдзень. Закінутыя вясковыя хаты параскуплялі, і сям-там набытыя пляцоўкі ўжо забудавалі дамамі і катэджамі ў архітэктурным духу сёньняшняга часу.
Дамы былой вёскі месьцяцца па самым грэбені маляўнічых пагоркаў, між якімі, нібы рэчка, віецца вуліца, адзін край якой утыкаецца ў даўно не фарбаваную браму батанічнага заказьніку «Чортава барада», а другі скіраваны ў бок вёскі Грышаны і вуліцы Світанкавай. Грунтовая дарога даўно не рамантавалася і ўяўляе сабой бясконцае спалучэньне выбоінаў розных памераў і формаў, таму асабліва не разгонісься. Затое пабачаныя з пагоркаў краявіды прыемна цешаць вока сваёй разнастайнасьцю. Асабліва ўражвае від, што адкрываецца з мысу Чортава барада, дзе ў старажытныя часы, відаць, месьцілася паганскае капішча.
Месца і цяпер застаецца прыцягальным для людзей. Мяркуючы па ўсім, наведнікі рэгулярна распальваюць там вогнішчы. Кажуць, некалі мясцовыя разбойнікі з мысу сачылі за чаўнамі гандляроў, што плылі з варагаў у грэкі ці наадварот. Але цяпер гэтым хараством, бадай, не завабіш надта шмат ахвочых, бо чалавек найперш выбірае даброты цывілізацыі, а не прывабы прыроды. Таму будучыня вуліцы будзе цалкам залежыць ад актыўнасьці прыватных забудоўшчыкаў, якія пагодзяцца на пэўныя нязручнасьці.
Але ж ня трэба асабліва цешыцца і ўважаць зьяўленьне вуліцы імя Барадуліна за справядлівае ўшанаваньне памяці непаўторнага нацыянальнага паэта. Што тычыцца мяне, то гэты крок невядомых гарадзкіх чыноўнікаў я ўспрымаю як дробны зьдзек з памяці выбітнай асобы і як аплявуху прадстаўнікам нацыянальнай грамадзянскай супольнасьці. Маўляў, хацелі вуліцу – наце вам, калі ласка. Ня думаю, што намер разьмясьціць яе сярод чыстага поля ў раёне яшчэ толькі заплянаванай прыватнай забудовы пры адсутнасьці цывілізаванай інфраструктуры – гэта чыясьці недасьведчанасьць ці недальнабачнасьць. Знайшлося ж месца ў цэнтры гораду для меркаванага помніку чужому для беларускага чалавека Аляксандру Неўскаму. Таму гэткае грэблівае стаўленьне да нацыянальных геніяў асабіста я ўспрымаю, як чарговы абразьлівы жэст з боку апалягетаў «рускага сьвету», прадстаўнікамі якога выступаюць мясцовыя здэнацыяналізаваныя за Саветамі манкурты.
С. Горкі
Крыніца: Дыялёг Online газэта