Людзі дружна ішлі пешкі, пад’яжджалі на машынах, за разьмяшчэньнем якіх уважліва сачылі прадстаўнікі ДАІ. Але, нягледзячы на вялікую колькасьць народу, было відавочна, што кожны асобна перажываў гісторыю жыцьця сваіх продкаў і занадта не выстаўляў напаказ свае эмоцыі. Асабліва кантактаваць ніхто не хацеў. І мне падалося, што ў нейкай ступені Радаўніца, як, дарэчы, і Тройца, засталася для звычайнага беларуса ці не адзіным месцам, на якое не распасьціраецца ўлада дзяржавы, што зрабіла падкантрольнай сабе амаль ўсе сфэры чалавечага жыцьця.
Па вялікім рахунку, у кожнага сёньня была свая Радаўніца: нехта суадносіў гэта з хрысьціянскімі абрадамі, нехта сьвядома ці несьвядома ўжываў элемэнты паганства, а хтосьці наўпрост прытрымліваўся сямейных традыцыяў, але разам з тым ніхто не навязваў сваіх поглядаў іншым. Таму ў нейкай ступені, як гэта ня дзіўна, для тутэйшага чалавека могілкі сталі на сёньня тэрыторыяй пэўнай свабоды. Можа, адсюль вынікае і вялікае штогадовае паломніцтва нашага насельніцтва да магілаў продкаў?
Вось тры жанчыны, прадстаўнікі трох пакаленьняў адной сям’і, падышлі да магілаў сваіх сваякоў, прыйшлі з пафарбаванымі чырвонымі яйкамі, кветкамі, але без напояў і ежы. Дарэчы, гэткі хрысьціянскі падыход да сьвята праяўляецца ўжо даволі відавочна. Як адзначае старэйшая з жанчын, за савецкімі часамі на Радаўніцу хадзілі пасьля працы, і колькі яна сябе памятае, на могілкі ў гэты дзень хадзілі заўжды.
– Мо’ таму, што Старасямёнаўскія клады ўзьніклі даволі даўно, на Радаўніцу людзі зьбіраліся сюды заўжды. Зьбіраюцца родныя, блізкія, знаёмыя, і радуюцца, калі ўсе наведваюць. Вялікдзень – гэта сьвята жывых, а вось Радаўніца – сьвята і для жывых, і для памерлых. Людзі прыходзяць падзяліцца радасьцю ўваскрэсеньня Хрыста з пахаванымі, – кажа паважнага веку кабета.
– Я вось ужо не маладая жанчына, але колькі сябе памятаю, мае бацькі заўжды наведвалі могілкі на Радаўніцу, а вось на Тройцу імкнуліся зьехаць да сваякоў у вёсцы. Тут у нас тата, мама пахаваныя, а вось наша Наташа, яна рана памерла, працавала ў адміністрацыі Лукашэнкі загадчыцай аддзелу. Гэтыя ўсе помнікі зрабіў яе бацька, ён скульптар. Але ж вандалы папсавалі твар, адбілі нос, думалі бронза. Дык мы надпіс зрабілі: «Зроблена з бэтону».
У гэты момант на суседняй магіле ад зьнічкі загарэліся штучныя кветкі, і мужчына кінуўся заліваць зьнянацку ўзьніклы пажар.
На Старасямёнаўскіх могілках пахаваны і настаўнік Марка Шагала Іегуда Пэн. Разам са мной да магілы падышла група зь пяці наведнікаў. Даволі жвавая маладая жанчына абураецца тым фактам, што нягледзячы на наяўнасьць у мінулай гісторыі гораду толькі двух сусьветна вядомых мастакоў – Шагала і Пэна, асаблівай пашаны да пахаванага тут мастака няма.
– Хіба такі чалавек заслугоўвае гэткага помніка на сваёй магіле? Будаўніцтва ідзе поўным ходам, грошы ў горадзе ёсьць, а прыстойнага помніку няма. Вось пра гэта вы і напішыце. Калі мы адпачывалі ў Ніцы, то бачылі вялізны музэй Пікасо, і там частка экспазыцыі адведзеная для Пэна, і частка – для Шагала. А ў нас нават грошай на прыстойны помнік не знайшлося. Прыкра.
Наведаў могілкі і настаяцель Аляксандр Кавалёў, кіраўнік аддзелу па справах моладзі Віцебскай эпархіі. Вось што сказаў сьвятар наконт сёньняшняга сьвята:
– Радаўніца – гэта дзевяты дзень Пасхаліі. Таму на дзевяты дзень пасьля ўваскрэсеньня Хрыстова ўсе вернікі наведваюць могілкі. Гэтае сьвята нясе ў сабе вельмі добры выхаваўчы момант для маладых людзей, бо пакаленьне сёньняшніх дзяцей і падлеткаў абсалютна не адчувае ў сабе ніякай пашаны да тых, хто жыў да іх. У сумесным наведваньні могілак з прадстаўнікамі старэйшага пакаленьня якраз і заключаецца найгалоўнейшы выхаваўчы момант. Мы ня можам не маліцца за тых, хто крочыў у вечнасьць, бо мы заўжды сьцьвярджаем, што мы людзі любячыя. А калі так, то мы мусім праз усё жыцьцё вучыцца гэтай боскай сапраўднай любові. Што мы акрамя малітвы можам зрабіць для тых, хто даўно ляжыць у магіле? Усе мы грэшныя. І ведаю дакладна, пакуль яны былі жывыя, то маглі зьмяняць сваё жыцьцё і самі зьмяняцца, але як толькі яны памерлі – усё на гэтым скончылася. Але ж мы іх любім і праз сваю малітву падтрымліваем сваіх памерлых сваякоў. І сёньня мы ня можам быць безуважнымі, мы просім у Госпада прабачыць грахі нашых блізкіх. Альтэрнатывы гэтаму няма. Але трэба памятаць, што хаўтурны сьняданак – гэта не галоўнае, галоўнае – успомніць нябожчыка, прачытаць малітву, памянуць добрым словам, ускласьці кветкі. Пакіданьне ж ежы на могілках – гэта ўсё са сфэры народных паданьняў. Рэлігійнае невуцтва. Але ж для любога верніка кіраўніцтвам для жыцьця заўжды мусіць быць тэкст Сьвятога пісаньня.
Калі я сыходзіў з могілак, падалося, што на адну з крайніх магіл зышоў анёл – гэтым анёлам сталася дзяўчынка, апранутая, як і яе маці, у адзеньне белага колеру…
С. Горкі, Дыялёг
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/555-radaunitsa-na-starasyamjonauskikh-mogilkakh-u-vitsebsku#sigProId710c13ac60