Аляксандр Старых пакінуў сваю пасаду пасля таго, як з паказаў знялі спектакль «Тыль» – пастаноўку мастацкага кіраўніка тэатру Міхаіла Краснабаева паводле п'есы Рыгора Горына, створанай па матывах раману Шарля Дэ Кастэра.
Апавясціць калектыў тэатру аб уступленні на пасаду новага дырэктара прыехаў міністр культуры Анатоль Маркевіч, пра гэта паведамляе гарадская газета «Віцьбічы».
«Безумоўна, вялікую ўвагу неабходна звярнуць на рэпертуарную палітыку. Сфера культуры, як і любая іншая, патрабуе якаснага прадукту, які неабходна прапанаваць гледачу. Менавіта глядач галасуе за той ці іншы спектакль сваім прыходам у тэатр. Тэатр выхоўвае душу чалавека, падвышае яго адукацыйны ўзровень, нельга апусціцца выключна да забаўляльнага «шырпатрэбу». Гэта можа мець сурʼёзныя наступствы», – заявіў міністр.
«Задумацца аб вечных каштоўнасцях – вось галоўнае прызначэнне нашага тэатру. Нельга забываць, што сярод іх і патрыятызм, і тэатр шмат што можа зрабіць у патрыятычным выхаванні насельніцтва, асабліва маладога пакалення», – сказаў Анатоль Маркевіч.
Янка Прас