Пятніца, 14 Снежань 2018

Абласны кіраўнік БНФ патрабуе ад губэрнатара не зьнішчаць гістарычны цэнтар Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(15 галасоў)
Кастусь Смолікаў Кастусь Смолікаў

Пытаньне меркаванага будаўніцтва ў Віцебску Палаца шлюбаў набыло палітычную афарбоўку. У справу ўступілі апазыцыянэры. На думку старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Кастуся Смолікава, палац можа нанесьці шкоду гістарычнаму цэнтру гораду, у сувязі з чым ён накіраваў скаргу старшыню абласнога выканаўчага камітэту Мікалаю Шарстнёву.

Нагодай паскардзіцца стала грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяродзьдзе гэтага аб'екту, якое праводзілася з 9 лістапада цягам месяца. На сход, які ладзіўся ў межах абмеркаваньня, прыйшло больш за сто дваццаць чалавек. Месьцічы, якія выступілі на сходзе, выказаліся супраць будаўніцтва палаца на тэрыторыі былога Ніжняга Замка. Паводле ж спадара Смолікава, само грамадзкае абмеркаваньне пра ацэнку ўплыву на асяродзьдзе ёсьць незаконным, бо сьпярша трэба абмеркаваць сам праект «Палац урачыстых абрадаў».

Вось як партыйны лідэр абгрунтаваў у скарзе сваю пазыцыю:

«У "Дэталёвым пляне цэнтральнай часткі Віцебску",... прынятым у 2015 г., і ў Генэральным пляне г. Віцебску, прынятым у 2015 г., ня быў зафіксаваны аб'ект "Палац урачыстых абрадаў г. Віцебску"... Праекты аб'ектаў, якія былі створаныя пазьней, падлягаюць асобнаму грамадзкаму абмеркаваньню, якога да гэтага часу не было. Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", на які спасылаюцца аўтары навабуду, страціў моц у сувязі з прыняцьцем Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры».

Бээнэфавец апэлюе таксама да пастановы Савету Міністраў ад 14.05.2007, y адпаведнасьці зь якой гістарычны цэнтар Віцебску занесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў краіны. І зьмяняць яго, зьнішчаць альбо наносіць яму якую-небудзь шкоду забараняецца.

Кастусь Смолікаў патрабуе ад галоўнага вэртыкальшчыка вобласьці да завяршэньня пракурорскай праверкі ў дачыненьні да работнікаў Упраўленьня капітальнага будаўніцтва Віцебску прыпыніць фінансаваньне якіх-кольвек дзеяньняў з новым будаўніцтвам у цэнтры гораду і не ўключаць такія праекты ў інвэстыцыйную праграму вобласьці на 2019 год. Ён вымагае таксама правесьці шырокае абмеркаваньне з усімі зацікаўленымі бакамі плянаў па аднаўленьні шэрагу аб'ектаў у гістарычных раёнах Віцебску.

Як паказалі грамадзкія слуханьні, месьцічаў вельмі трывожыць узьнятае апазыцыянэрам пытаньне, і яны гатовыя і надалей абараняць культурную спадчыну гораду. Ці зьменіць нешта зварот спадара Смолікава, і ці дадуць улады задні ход? На адказ старшыня Віцебскага аблвыканкаму мае пятнаццаць дзён.

Уладзімер Бяляўскі

Залагініцца каб дадаць камэнтары