Як нядаўна паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook каардынатар культурніцкіх праектаў Глеб Лабадзенка, “гаспадыня дому разумее важнасьць асобы Караткевіча і падтрымлівае ідэю захаваньня гэтай хаты ў мэмарыяльных мэтах”. Але яна жыве ў Адэсе і будзе ў Беларусі толькі ў верасьні. Таму абвяшчаць збор сродкаў зараз, без асабістых перамоваў, будзе неабачліва.
“Безь яе прысутнасьці аформіць продаж немагчыма. На сёньняшні дзень яна атрымала цэлы шэраг прапановаў аб набыцьці гэтай хаты. Без асабістых перамоваў абвяшчаць збор сродкаў будзе неабачліва – бо ніхто ня можа загадаць гаспадыні прадаваць хату нам, а не каму іншаму. Гэта яе права, якое трэба паважаць. Цяпер хата зьнятая з продажу, бо ўжо ёсьць вялікая колькасьць прапановаў і гаспадыня ня хоча дадатковага ажыятажу”, – паведаміў Глеб Лабадзенка.
“Цяпер працягваем трымаць сувязь з гаспадыняй, аднак да яе прыезду не пачынаем зьбіраць грошы. Калі ў верасьні будзе дасягнутая згода, тады ўжо буду прасіць вас мабілізавацца. Буду трымаць у курсе справаў, калі зьявіцца нейкая новая інфа”, – абяцае Лабадзенка.
Адзначае таксама, што “некаторыя патэнцыйныя купцы хочуць выкупіць гэтую хату пад знос, бо ўчастак знаходзіцца ў добрым месцы ў цэнтры горада”.
Падкрэсьлівае, што ў “доме Караткевіча, які прадаецца ў Воршы, каштоўная ня толькі хата, дзе колькі год пражыў клясык, але і хлявок, дзе на падстрэшшы Караткевіч абсталяваў свой першы ўласны кабінэт і дзе напісаў "Дзікае паляваньне караля Стаха".
На паддашку гэтага хлява Караткевіч пісаў "Дзікае паляваньне..."
Дом стаіць на вуліцы Караткевіча ў Воршы (жылая плошча - 31,4 м. кв., хлеў, дзялянка 13 сотак). Прадавец просіць 33 832 рублі (17 тыс. даляраў) “з торгам”.
Уласьніцай бацькоўскага дому Караткевіча ў Воршы зьяўляецца дачка Юрыя Барабаша – мужа пляменьніцы пісьменьніка. Юры Барабаш памёр у 2015 годзе. Тры гады хата стаяла без гаспадара, здавалася ў арэнду.
Зьміцер Міраш