Нагадаем, пэтыцыя “За жывы гук” зьявілася на інтэрнэт-пляцоўцы “Зручны горад” у сярэдзіне чэрвеня і сабрала за месяц 150 подпісаў. Ініцыятарам звароту быў полацкі актывіст Ільля Багданаў.
Аўтары пэтыцыі сьцьвярджалі, што на фэсьце нацыянальных культур, які праходзіў у Горадні 3-4 чэрвеня 2018 году, практычна ўсе артысты выконвалі творы пад фанаграму. Запэўнівалі, што падобнае здараецца і на фэстывалі “Славянскі базар” у Віцебску.
Заяўнікі прасілі ініцыяваць унясеньне зьменаў у заканадаўства, якія б забаранялі выкарыстаньне фанаграм гукавога запісу на ўсіх культурных мерапрыемствах падчас песенна-музычных выступаў.
“Падзяляем вашу заклапочанасьць”
“Міністэрства культуры падзяляе вашу заклапочанасьць наконт выкарыстаньня калектывамі мастацкай творчасьці і выканаўцамі вакальнага жанру фанаграмы “плюс” і робіць захады па абмежаваньні падобнай практыкі”, – гаворыцца ў адказе.
Што да зьменаў у заканадаўстве, Мінкультуры паведамляе, што ў Беларусі “прадугледжаныя меры, якія абавязваюць выканаўцаў і арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў інфармаваць гледачоў пра выкарыстаньне фанаграмаў (цытуюць закон “Аб абароне правоў спажыўцоў” (арт.7, п. 2.15). Апроч таго, арганізатары культурна-відовішчнага мерапрыемству абавязаныя, згодна з законам “Аб рэкляме”, даваць у рэклямных матэрыялах інфармацыю аб спэцыфіцы мерапрыемства (наяўнасьць альбо адсутнасьць фанаграмы).
З адказу вынікае, што існуе таксама плян мерапрыемстваў па паляпшэньні выканаўчага мастацтва артыстаў, прыняты Міністэрствам культуры ў 2014 годзе. Паводле гэтага пляну, фанаграму можна выкарыстоўваць “у асабліва абумоўленых выпадках”, пры гэтым яе выкарыстаньне прадугледжвае зьмяншэньне памераў грашовай узнагароды.
“Разгледзім прапановы” і “ўзмоцнім кантроль”
Міністэрства абяцае разгледзець прапановы заяўнікаў аб узмацненьні адказнасьці арганізатараў канцэртаў – у тым выпадку, калі яны ўказваюць непраўдзівыя зьвесткі пра выкарыстаньне фанаграмаў.
І – узмацніць кантроль за выкананьнем пляну мерапрыемстваў па паляпшэньні выканаўчага майстэрства артыстаў.
“Названыя ў Вашым лісьце факты выкарыстаньня падобных фанаграм на канцэртах Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культур будуць разгледжаныя на чарговым паседжаньні аргкамітэту дадзенага мерапрыемства з мэтай недапушчэньня іх паўтарэньня пры правядзеньні наступных фэстываляў”, – абяцае першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга.
Патрабаваць жывы гук трэба найперш ад прафэсіяналаў
Віцебскі музыка і бард Міхаіл Рубін выказваў раней меркаваньне, што жорсткія патрабаваньні да “жывога гуку” мусяць тычыцца найперш прафэсіяналаў, а не “самадзейнікаў”.
“Сэнс музыкі, безумоўна, у выкананьні “тут і зараз”. У тых эмоцыях, якія атрымлівае выканаўца. Але ведаю, што на ўзроўні самадзейнасьці часта ідзе “перастрахоўка”: ой, мы ня зробім вам гук, тут столькі калектываў... І людзі згаджаюцца, і сядзяць потым як тыя балваны! Ці сядзяць тры чалавекі, а грае аркестар. Часта гэта вымушаная мера…” – казаў Рубін.
Зьміцер Міраш