Вэрнісаж адбыўся ў вэстыбюлі абласной бібліятэкі 2 траўня. На выставе – 16 работ, якія разам складаюць адзіную кампазыцыю з рыбай у цэнтры. “У гэтым вялікім натурморце – сусьвет матыля, сусьвет звычайнага чалавека на ходніках часу, сатканых бабуляй”, – сьцьвярджае Сьвятлана Баранкоўская.
Баранкоўская: Пашыраю прастору дабрыні…
“Я вельмі хвалявалася, бо насамрэч упершыню паказваю пэрсанальную выставу жывапісу. Раней саромелася паказваць так шмат. Таму што – нібыта лезеш у працу іншага цэху. Але калі зьявілася што сказаць, хай сабе і ня так гучна, як гэта зрабіў Малевіч сваім “Чорным квадратам”, я асьмелілася. Думаю, што і шэрая палітра адыграе яшчэ сваю ролю ў нашай гісторыі і камусьці ляжа на сэрца”, – сказала аўтарка на адкрыцьці выставы.
У цэнтры кампазыцыі
Прызналася, што і ў жывапісе не атрымалася адыйсьці ад габэленаў. Матыў тканага дывана і карунак вызначае колер, рух і настрой усёй кампазыцыі, пашырае прастору ўспрыманьня. Але не адно яго.
“Хачу, каб вы таксама адчулі, што гэтым самым я проста пашыраю прастору дабрыні і любові ў гэтым жыцьці. І калі кожны гэта будзе рабіць у сваёй прафэсіі і ў сваім жыцьці – сьвет зьменіцца. Мастацтва і любоў – гэта і ёсьць мая рэлігія. І мой сьветапогляд”, – падсумавала мастачка.
Франц Сіўко: Галоўная нечаканасьць – ты сама!
Шмат цёплых словаў на адрас Сьвятланы Баранкоўскай казалі падчас вэрнісажу віцебскія мастакі, пісьменьнікі і проста сябры.
Пісьменьнік Франц Сіўко з цеплынёй узгадваў спадарыню Сьвятлану як сваю колішнюю студэнтку – вельмі старанную і дапытлівую.
Сьвятлана Баранкоўская і Франц Сіўко
“Таму самая вялікая нечаканасьць, канечне, і самае вялікае сьвята для нас – гэта ты сама!” – запэўніў пісьменьнік. Зычыў мастачцы, каб “гэтая нечаканасьць заўсёды вылівалася ў значныя дасягненьні”.
Кірылава: Пакаціўся яблычак па шырокай палітры…
Заснавальніца віцебскага Цэнтру сучаснага мастацтва і кіраўнічка Цэнтру прыкладной урбаністыкі “УНОВІС-Форум” Валянціна Кірылава распавяла пра канцэпцыю і сюжэт выставы адным сказам: “І пакаціўся яблычак па гэтай шырокай палітры нашага з вамі сьветапогляду…”
Выступае Валянціна Кірылава
Заўважыла, што ў апошніх працах цыклю зьнікае канкрэтыка і “піксэльная дынаміка”: “А ёсьць нешта іншае, ёсьць той вялікі адкрыты сьвет, у які чалавек выходзіць і ідзе далей і далей у сваіх магчымасьцях разьвіцьця”.
Валянціна Кірылава выказала таксама зьдзіўленьне, як аўтарка пасьпела гэта ўсё зрабіць. “Бо я ведаю, як апошнім часам Сьвятлана працавала над габэленам, які вісіць зараз у Палацы мастацтва ў Менску, і як гаварыла мне: “Я ўся ў нітках!..” І вось – раптам гэтая праца, пра якую яна нікому не казала…”
“Шклянка і цукар – гэта і для іх…”
Свой спосаб прачытаньня кампазыцыі “Нечаканае” агучыла на адкрыцьці выставы таксама дызайнэрка Тацьцяна Макляцова-Якаўлева. “Гэта як бы збан унутры, і ўнутры збана штосьці ёсьць…” – тлумачыла выступоўца.
Сьвятлана Макляцова (у цэнтры) сьцьвердзіла, што мы трапілі ўсярэдзіну збана...
Сама Сьвятлана Баранкоўская напрыканцы імпрэзы ўзгадвала ўсіх сваіх “родных нябожчыкаў”, у прыватнасьці – мастака Анатоля Ізаітку, які і навучыў яе пісаць вось так – “срэбрам-срэбрам”. Казала, што “шклянка і цукар на палотнах – гэта ня толькі для нас, гэта яшчэ і для іх”. І тым самым пашырыла прастору любові аж на вечнасьць. Пранізьліва срэбную. І заўжды нечаканую.
Пасьля вэрнісажу
Выставу жывапісу Сьвятланы Баранкоўскай “Нечаканае” можна пабачыць у фае Віцебскай абласной бібліятэкі.
Зьміцер Міраш, фота аўтара