Як адзначыў пісьменьнік на пачатку сустрэчы, настаўніцкая пэдантычнасьць і арганізаванасьць, займетыя на пачатку працоўнай дзейнасьці ў Верхнядзьвінскай школе, прывучылі яго ўсё плянаваць загадзя і дапамаглі напісаць каля дзясятка мастацкіх кніжак. Гутарка з чытачамі ў асноўным тычылася зьместу кніг «Плебейскія гульні» і «Штрыхкоды», але выступ у знаёмай аўдыторыі выйшаў далёка за вызначаныя тэмы. І хаця Франц Сіўко па старой завядзёнцы накідаў плян сустрэчы з чытачамі, патрэба ўнікаць банальнасьці змусіла казаць так, як бог на душу пакладзе.
Кніга не пра тое
Пасьля выхаду «Плебейскіх гульняў» (2015) у назве кнігі нехта ўбачыў ледзьве ні праявы элітарнасьці. Маўляў, інтэлектуалы супрацьпастаўляюць сябе народу – плебеям. Аднак жа кніга не пра тое. Кніга пра плебейства як уласьцівасьць чалавечай натуры, якую набываюць незалежна ад сацыяльнага стану ці інтэлектуальнага ўзроўню. У якасьці ілюстрацыі сучаснага плебейства аўтар прывёў прыклад са сваім знаёмым, які на словах абураецца прымусовай падпіскай на дзяржаўныя СМІ, але ў сваёй установе зьяўляецца адказным за гэтую прыкрую справу.
– Некалі Альбэр Камю сказаў, што яму ў гэтай любові да людзей, у гуманізьме бывае цесна, мне таксама часам бывае цесна ў гуманізьме, – зазначыў Франц Сіўко. – Хочацца сказаць, што слова – гэта адно, учынак – гэта другое, думка – трэцяе, і часта ў людзей яны не супадаюць. Падобнае даводзіцца назіраць і ў людзей блізкіх, і больш далёкіх.
Стала здабыткам кнігі і гісторыя ўласнага звальненьня пісьменьніка, калі за два гады да пэнсіі яму давялося шукаць працу. У выніку ён застаўся сам-насам са сваёй бядой без усялякай дапамогі звонку. Пасьля чаго і прыйшоў да высновы, што спадзявацца трэба заўжды толькі на сябе, на свае сілы.
Як мяркуе Франц Сіўко, для літаратара вельмі важна не заставацца паліткарэктным, незалежна ад таго, якія ў цябе погляды:
– Я маю на ўвазе – мець часам жаданьне, імпэт і сьмеласьць гаварыць рэчы ня вельмі зручныя, калі табе нешта не падабаецца. Мне не падабаецца паліткарэктнасьць у дачыненьні да рознага роду кампаніяў. Кампаніяў фэміністак, зь перахлёстамі; кампаніяў дамаганьняў, калі выскоквае на першы плян нешта крыклівае. Я ж лічу, што ўсё мусіць быць у меру.
Факт як лякала паводзінаў героя, своеасаблівы штрыхкод
Кніга «Штрыхкоды» выйшла летась. Як кажа пісьменьнік, увайшлі ў кнігу ягоныя думкі, ягоныя меркаваньні, ягоныя дзівацтвы, ягоная біяграфія, ягоныя прымхі і прыхамаці. Найлепшым у кнізе ён лічыць досыць рэзкае эсэ «Сволач паводле Брэхта». Моўныя пытаньні ўзьнімае эсэ «Выспа Мова». У зьвязку з чым аўтар прыгадвае ўспамін дваццацігадовай даўніны:
– Тады бацькі вучняў казалі, што іх дзеці ўсе ненавідзяць беларускую мову. Але яны не гаварылі гэта з болем. За гэтым не адчувалася: а давайце нешта зробім. Гэта гаварылася з адной мэтай – укалоць настаўніка.
Падымае пісьменьнік у кнізе і няпростую тэму існаваньня літаратара і літаратуры ў правінцыі. За адзінаццаць гадоў працы ў правінцыйнай школе – ніводнага радка. Школьная рутына зацягвае, не дазваляе вырвацца ў сфэру літаратуры, дзе да таго ж цябе ніхто не чакае. Літаратурная сфэра, пераконвае пісьменьнік, даволі складаная, і ня толькі як стасункі паміж літаратарам і чытачамі, літаратарам і калегамі-пісьменьнікамі, але нават як стасункі пісьменьніка зь ягонымі сямейнікамі, ягонай жонкай. Жонкай, якую ні ў якім разе нельга намагацца наблізіць творцу да сябе, бо творца – асоба самотная. Гэта цэлая навука – жыць з такім чалавекам.
– Янка Брыль пісаў вельмі пранікнёныя кароткія творы і вельмі расквечваў іх. У мяне гэта не атрымоўваецца, я не люблю кідацца ў моўныя прыхарошваньні, для мяне на першым пляне – факт. Ён як лякала паводзінаў героя, своеасаблівы штрыхкод.
«Штрыхкоды» – першая ілюстраваная кніга пісьменьніка
На фотаздымках – мясьціны і людзі: бацькі, дзяды і бабы, брат... І з кожным зьвязаная свая гісторыя, свой штрыхкод. Найгалоўнейшыя людзі – бацька і маці, якая толькі адзін раз пасьпела атрымаць пэнсію і памерла. Пасьля яе сьмерці пісьменьнік вырашыў ніколі не кранацца гэтай тэмы. Але час прамінуў і сасьпела эсэ «Я пешкі, мама», прысьвечанае самаму роднаму чалавеку. У творы аўтар кажа, што звычка маці хадзіць пешкі і не атрымліваць авансікі ад жыцьця ўласьцівыя і яму, яе сыну. Не зважаючы на адукацыю і багаты досьвед, ягоны жыцьцёвы шлях гэткі ж звычайны і просты, як у маці. З усімі тымі рэчамі, якія спадарожнічаюць чалавеку невысокага паходжаньня.
Цікавіць пісьменьніка і тэма дараваньня, таму адзін з твораў так і называецца «Выспа дараваньня».
– Вось толькі дараваць бывае вельмі цяжка, а часам і немагчыма, – прызнаўся чытачам Франц Сіўко.
Ёсьць гісторыі з рэальнага жыцьця, якія, паводле словаў аўтара, немагчыма ўвасобіць у літаратурны твор. Так, ён прызнаўся, што ніколі ня здолее напісаць пра школу. Проста не атрымліваецца. Як і многіх сумленных настаўнікаў, праца ў школе духоўна і эмацыйна спустошыла, спапяліла, хаця дасюль зь вялікім задавальненьнем ён наведвае Верхнядзьвінскую школу і сустракаецца з настаўнікамі і вучнямі, якіх усіх памятае.
– Як літаратар я прыйшоў да высновы, што літаратура мала выхоўвае, толькі пэўную частку людзей, здольных яе ўспрымаць. Калі б яна выхоўвала па-сапраўднаму шмат людзей, то ці аскацініліся б так людзі ў пераходныя 90-я гады? Але плакацца на тое, што зараз мала чытаюць, я ня буду. Абавязкова знойдуцца людзі, якія прачытаюць. Тых, хто разумеў літаратуру, ва ўсе часы было няшмат. Часта кнігі куплялі і чыталі толькі дзеля прэстыжу.
Пісьменьнік быў шчырым і распавёў прысутным нават пра патаемныя, мэтафізычныя штрыхкоды са свайго асабістага штодзённага жыцьця. Як той казаў, сустрэча прайшла ў нязмушанай атмасфэры пры ўзаемным задавальненьні абодвух бакоў.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2630-frants-siuko-litaratura-vykhouvae-tolki-tykh-khto-zdolny-yae-usprymats#sigProId6f31b5fad8
С. Горкі