За два месяцы, з моманту першай прэзэнтацыі кнігі ў Менску, якая адбылася 16 лістапада мінулага году, прададзена ўжо каля 500 асобнікаў раману. Пра гэта расказаў стваральнік беларускай інтэрнэт-кнігарні “Імбрык” Алесь Мазанік, які спрычыніўся да арганізацыі сустрэчы з чытачамі ў Віцебску. Паводле ягоных слоў, раман Паўла Сеярынца зараз у лідэрах продажаў, а большы паказьнік зацікаўленасьці назіраўся хіба што тады, калі ў 2014 годзе была выдадзена непадцэнзурная проза Васіля Быкава.
Ідэя кнігі нарадзілася ў Віцебску
Імпрэзу сваімі вершамі адкрыў вядомы ў Беларусі паэт і перакладчык Уладзімер Папковіч. Прызнаўся, што кнігу пакуль не чытаў, але яго ўразіла шматсэнсоўня назва раману, сугучная “Ерусаліму”.
Выступае паэт Уладзімер Папковіч
Выступілі таксама аўтар маляваных апавяданьняў для дзетак Ян Мяльніцкі зь Менску і паэт Кастусь Севярынец – бацька аўтара “Беларусаліму”. “Шмат гаварыць ня буду. Мне вельмі прыемна, што я саступіў на бакавіну, а пыляць ужо мае дзеці. Ну і дзякуй Богу – я толькі ўсьлед ім паглядаю”, – жартаваў Кастусь Севярынец.
Павал Севярынец, прэзэнтуючы свой новы раман (гэта 10-я па ліку кніга аўтара), падзякаваў найперш арганізатарам імпрэзы, усім прысутным і сваёй сям’і, перадусім – сваёй жонцы Вользе, якая прысутнічала на прэзэнтацыі.
Павал Севярынец падчас прэзэнтацыі
Павал пацьвердзіў, што кніга сапраўды пісалася цягам апошніх 12 гадоў – падчас адбываньня “хіміяў”, турэмных тэрмінаў і сутак. Прычым ідэя раману зьявілася ў далёкім 2004 годзе якраз у родным Віцебску, тут жа былі зробленыя першыя сюжэтныя накіды будучай кнігі.
Некаторыя беларусы пазнаюць у кнізе сябе
Аўтар “Беларусаліму” паведаміў, што ўжо напісаныя ўсе тры часткі раману – агулам каля 1200 старонак. Але выдавацца яны будуць, як славуты “Валадар пярсьцёнкаў”, па чарзе, цягам некалькіх гадоў. Прычым самай “віцебскай” будзе другая частка раману – “Беларусалім. Сэрца сьвятла”, дзе роднаму гораду прысьвечаныя цэлыя разьдзелы. У “Золку” ж цэнтральнае месца займаюць Менск, Полацак і Кіеў.
Прэзэнтацыя "Беларусаліму" выклікала вялікую цікавасьць
“Некаторыя вядомыя беларусы маюць шанец пазнаць сябе ў гэтай кнізе”, – запэўніў аўтар.
Беларусам далі пульт ад саміх сябе
“Гэта раман пра Беларусь, якая прачынаецца ў цемры”, – знаёміў са сваёй кнігай Павал Севярынец.
Дзеяньні раману адбываюцца ў нашыя часы і сягаюць будучыні. Беларусь раптам апынаецца ў цэнтры Сусьвету, бо карпарацыя “Непагасны сьвет” выбірае нашу краіну ў якасьці месца для велізарнага экспэрымэнту па вытворчасьці… чалавечага шчасьця.
“Уявіце сабе, што на вашым мабільніку ёсьць некалькі функцыяў для таго, каб з дапамогай узроўню гармонаў і нэўронных імпульсаў палепшыць сабе настрой, зьняць боль і г.д. То бок – даць чалавеку пульт ад самога сябе. З улікам сучасных тэхналёгіяў лёгка сабе ўявіць, што цягам бліжэйшых гадоў нас з вамі чакае штосьці падобнае. Дык вось: карпарацыя вырашае, што Беларусь для гэтага – ідэальнае месца, сэрца Эўропы”, – распавядае аўтар.
“Натуральна, што ў кнізе ёсьць каханьне і здрада, ёсьць змаганьне і жыцьцё якім яно ёсьць… Ці прынясе карпарацыя “Непагасны сьвет” беларусам шчасьце? Ёсьць людзі якія ў гэтым сумняюцца…” – інтрыгаваў Севярынец.
Кніга пра тое, як беларусы размаўляюць з Богам
“Гэта раман хрысьціянскі, але ня толькі для хрысьціян. Ён не праваслаўны, каталіцкі альбо пратэстанцкі. Гэта менавіта беларускі раман для беларусаў. Але паколькі я веру ў тое, што тысячу гадоў беларуская гісторыя была ў першую чаргу гісторыяй дачыненьняў беларусаў з Богам, то і гэты раман пра тое, як беларусы размаўляюць з Богам. Ці можна размаўляць зь Ім альбо гэта толькі Ён размаўляе з намі? Калі для кагосьці з вас гэта пакуль таямніца ці сакрэт, чытайце кнігу і зразумееце, пра што ідзе гаворка”, - казаў аўтар “Беларусаліму”.
Павал Севярынец паабяцаў таксама, што ўжо сёлета будзе зладжаны адмысловы квэст па сюжэце раману. Бо “Беларусалім” насычаны адсылкамі, асацыяцыямі і нават загадкамі.
“Тым, хто любіць разгадваць такія літаратурныя крыжаванкі, матэрыялу дастаткова . На 390 старонках тэксту раскідана прыблізна 300 ключоў да самай галоўнай загадкі беларускай гісторыі…” – патлумачыў пісьменьнік.
“Палітыка – неабходнасьць, а пісьменьніцтва – для душы”
Напрыканцы прамовы Павал Севярынец зноў выказваў падзякі чытачам – сваёй жонцы, якая стала першая чытачкай кнігі, пісьменьнікам Уладзімеру Някляеву і Уладзімеру Арлову, якія давалі пасьля прачытаньня слушныя парады, аўтару першай рэцэнзіі на “Беларусалім” пісьменьніку Аляксею Шэіну, усім вернікам, якія падтрымалі выданьне і ўжо пакінулі водгукі на кнігу.
Уважліва слухала выступ пісьменьніка і маленькая пляменьніца Паўла Севярынца
На пытаньне, пісьменьнікам ці палітыкам найперш лічыць сябе аўтар, Павал Севярынец адказаў, што “палітыка – гэта ўсьвядомленая неабходнасьць, а пісьменьніцтва – для душы”.
“Але разумею, што калі зараз ня будзе змаганьня і грамадзкай, палітычнай дзейнасьці, то заўтра проста можа ня быць краіны, у якой будуць чытаць гэтыя кнігі або будуць расьці мае дзеці”, – дадаў.
“Беларусалім” у дзеяньні
“Беларусалім” Паўла Севярынца дзіўным чынам згуртаваў вакол сябе вернікаў і сьвятароў розных канфэсій, пісьменьнікаў, мастакоў, палітыкаў.
На прэзэнтацыі раману ў Віцебску, якая прайшла ў памяшканьні старога “Торвальду” (Камсамольская, 32), прысутнічалі заснавальніца культурна-асветніцкага цэнтру імя Драздовіча Ада Райчонак, пісьменьнік Франц Сіўко, мастак Фэлікс Гумен, паэт і бард Міхаіл Рубін, каталіцкі сьвятар Вячаслаў Барок, рэдактар часопісу “Мишпоха” Аркадзь Шульман, палітык Канстанцін Смолікаў, ганаровы старшыня абласной рады ТБМ Іосіф Навумчык ды шмат іншых вядомых асобаў.
Падчас аўтограф-сэсіі
Пасьля прэзэнтацыі можна было набыць кніжку з аўтографам, але трэба было адстаяць даволі даўгую чаргу. Адзначым таксама, што ў продажы ўжо зьявілася электронная вэрсія раману.
Зьміцер Міраш, фота аўтара