“Сын свабоды, якая належыць усім”
Выставу адчыняе стэнд з выказваньнем трэцяга прэзыдэнта ЗША Томаса Джэфэрсана, які пісаў пра Касьцюшку: “Гэта найчысьцейшы сын свабоды, якога я калі-колечы сустракаў, сын той свабоды, якая належыць усім”.
Адкрываючы выставу, загадчыца навукова-асьветніцкага аддзелу краязнаўчага музэю Алена Зорына нагадала, што 2017 год быў абвешчаны польскім Соймам Годам Касьцюшкі.
Каля тытульнага стэнду выставы
Паведаміла таксама, што арганізатарамі выставы ў Віцебску выступілі Міністэрства замежных спраў Польшчы і Польскі Інстытут у Менску.
Віцебчукі – першыя
Перад наведнікамі выступіў каардынатар мастацкіх праектаў Польскага Інстытуту ў Менску Аляксей Мацюшонак. Сказаў, што Віцебск, па вялікаму рахунку, стаў першым беларускім горадам, дзе дэманструецца праект (да гэтага экспазыцыю “Тадэвуш Касьцюшка: цана свабоды” паказвалі ў нашай краіне толькі падчас нацыянальнага прыёму ў Менску).
Выступае Аляксей Мацюшонак
Дадаў, што да арганізацыі выставы прычыніўся таксама музэй “Курган Касьцюшкі” ў Кракаве.
У сваю чаргу, галоўны спэцыяліст упраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Дзяніс Юрчак падзякаваў польскаму боку “за магчымасьць азнаёміцца з гэтай выставай у Віцебску і за тое супрацоўніцтва, якое адбываецца паміж нашымі дзяржавамі”.
Падчас адкрыцьця выставы
Дзяніс Юрчак нагадаў, што на радзіме Тадэвуша Касьцюшкі ў Марачоўшчыне (Брэсцкая вобласьць) створаны музэй. Выказаў надзею, што ў пэрспэктыве музэй Касьцюшкі перарасьце ў значны турыстычны комплекс (разам з палацам Пуслоўскага ў Косаве).
Хто лучыць Віцебск з Касьцюшкам
Ці меў дачыненьне нацыянальны герой многіх народаў Тадэвуш Касьцюшка да нашага гораду? Пра гэта расказаў намесьнік дырэктара па навуцы Віцебскага краязнаўчага музэя Валеры Шышанаў.
Аказваецца, хай сабе і ўскосным чынам, Касьцюшку зь Віцебскам лучыць постаць польскага мастака і мэдальера Канстанціна Жмігродзкага (Konstanty Żmigrodzki (1876-1936), у нашых крыніцах прозьвішча падаецца як Змігродзкі).
Распавядае Валеры Шышанаў (першы справа)
Ураджэнец Рыгі, ён з 1908-га да 1913 працаваў у Віцебску, быў сябрам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, а потым быў прызначаны дырэктарам Польскага нацыянальнага музэю ў Ропэрсвільскім замку (Швэйцарыя), дзе на той час захоўвалася сэрца Тадэвуша Касьцюшкі. Жмігродзкі таксама аўтар мэдаля да 100-годзьдзя сьмерці Касьцюшкі (1917).
Гэтак захавальнік музэю Віцебскай архіўнай камісіі стаў ахоўнікам сэрца кіраўніка паўстаньня 1794 года і героя вайны за незалежнасьць ЗША. Зрэшты, сэрца Касьцюшкі ў 1927 годзе было перавезена з Ропэрсвіля ў Варшаву і захоўваецца зараз у Каралеўскім палацы.
Выстава будзе працаваць да 15 студзеня
Экскурсію па выставе адразу пасьля яе адкрыцьця зладзіў для наведнікаў супрацоўнік музэю Ігар Гутнікаў.
Экскурсія па выставе
Выстава “Тадэвуш Касьцюшка: цана свабоды” будзе працаваць у віцебскім абласным краязнаўчым музэі да 15 студзеня.
Зьміцер Міраш, фота аўтара