Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў паўстала ў красавіку 2014 году ў дні анэксіі Крыму і расейскага ўварваньня ў мацерыковую Ўкраіну. Як распавяла пісьменьніца, гэта быў час, калі шмат каму хацелася нечым дапамагчы ўкраінцам. Салідарнасьць з братэрскім народам праявілася і ў плашчыні культуры: было вырашана выдаваць альманах «Справа» і зрабіць свой сайт (druzi.by). Ды празь іх папулярызаваць украінскую літаратуру ў Беларусі і беларускую літаратуру ва Ўкраіне.
Неўзабаве да 15-ці ініцыятараў стварэньня таварыства далучыліся творчыя асобы і зь Беларусі, і з Украіны. Сярод найбольш актыўных сябраў ініцыятывы Наталка Бабіна вылучыла рэдактара альманаху Алеся Наварыча, лінгвіста Хведара Клімчука, гісторыка Віктара Кахновіча, Пятро Шапецюка з Кобрынскага раёну, што піша вершы на ўнікальнай гаворцы свайго сяла, беларускага пісьменьніка Вячаслава Ахроменку, які жыве ў Чарнігаве. Апошні нядаўна сабраў больш за сто подпісаў чарнігаўцаў за адкрыцьцё нядзельнай школкі беларускай мовы ў горадзе. Што цікава, найбольш актыўнымі падпісантамі выступілі не беларусы, а ўкраінцы, якія хочуць вывучаць і ведаць беларускую мову.
З украінскага боку яна адзначыла інжынэра Дмітра Шчарбіну з Крывога Рогу, які робіць пераклады з украінскай на беларускую і зь беларускай на ўкраінскую. Так, песьня «Рідна мати моя», перакладзеная ім на беларускую, імкліва набывае папулярнасьць. Яе ўжо сьпявалі ў амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі і на менскіх курсах «Мова нанова». Што цікава, у Луцкім пэдагагічным унівэрсытэце дэкан філфаку ініцыятываў вывучэньне беларускай мовы. Ён нават зьвярнуўся ў Берасьцейскі пэдунівэрсытэт, каб адтуль прыслалі выкладчыка, але беларусы, кіруючыся, відаць, тэзай «Як бы чаго ня здарылася», пакуль не сьпяшаюцца прапагандаваць сваю мову сярод суседзяў.
Як паведаміла Наталка Бабіна, сягоньня для альманаху найперш выбіраюцца творы сябраў таварыства, але друкуюцца і больш даўнія па часе рэчы. Сярод найбольш папулярных рубрык альманаху яна назвала рубрыку «Гаворкі – наш скарб», у якой сярод іншых друкуюцца і аўтары зь Берасьцейшчыны, якія ня толькі размаўляюць на мясцовых дыялектах украінскай (паводле яе меркаваньня) мовы, але і пішуць на іх свае творы.
Сапраўдным адкрыцьцём для самой Наталкі Бабінай і чытачоў стаў перакладзены на расейскую мову раман «Сонька» польскага аўтара, беларуса з Падляшша Ігнацыя Карповіча, які па стылістыцы нагадвае раман «Рыбін горад». У творы апісваецца, як чалавек ва ўмовах паланізацыі спачатку губляе свае беларускія карані, а потым узгадвае пра тое, да якой нацыі належыць. Па азначэньні пісьменьніцы раман нагэтулькі мэтафарычны, нагэтулькі глыбокі, што мусіў быць абавязкова перакладзены, надрукаваны і прачытаны беларускім чытачом. Наталка патлумачыла, чаму раман быў перакладзены менавіта на расейскую мову. Напісаны па-польску, раман мае ўкрапіны мовы беларускай – і гэта стварае вялікае ўражаньне. Таму для таго, каб раман зачапіў як мага большую колькасьць беларускіх чытачоў, было вырашана захаваць наяўную форму, то бок чужая расейская мова з украпінамі роднай для героя і гераіні гэтага твору беларускай мовы.
Распавяла пісьменьніца і ўласную гісторыю нацыянальнага самаўсьведамленьня, якая вызначыла ўвесь яе жыцьцёвы шлях. Нарадзіўшыся ў 1966 годзе ў сямнаццаці кілямэтрах на поўдзень ад Берасьця ў вёсцы Заказанка, дзе размаўляюць на дыялекце ўкраінскай мовы, яна да сямі год ня чула ніводнага расейскага слова. І толькі ў старэйшых клясах школы, выпадкова прачытаўшы некалькі радкоў верша з «Кабзара» Тараса Шаўчэнкі, зразумела, што ў яе вёсцы гавораць па-ўкраінску. Гэтае адкрыцьцё надало сілаў, дазволіла адчуць далучанасьць да вялікай украінскай культуры. Гэты поштурх у сьпіну, які яна тады адчула, надаў паскарэньне на ўсё жыцьцё. У гэтай сувязі яна сказала, што лічыць сябе беларускай пісьменьніцай, але ўкраінкай па нацыянальнасьці.
У часе размовы з публікай спадарыня Наталка Бабіна пазнаёміла чытачоў з аўтарамі і творамі з чатырох нумароў альманаху «Справа», навучыла прысутных чытаць па-ўкраінску і разахвоціла іх прасьпяваць па некалькі слупкоў з украінскіх песьняў. Мяркую, ніхто з тых, хто прыйшоў на сустрэчу, ня быў засмучаны.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2379-autarka-ramanu-rybin-gorad-sustrelasya-z-vitsebskimi-chytachami#sigProId1c9dcab402
С. Горкі