Панядзелак, 19 Чэрвень 2017

На радзіме Васіля Быкава назвалі чарговага ляўрэата прэміі «За свабоду думкі»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Зьміцер Дашкевіч, Ада Райчонак Зьміцер Дашкевіч, Ада Райчонак

У межах сьвяткаваньня 93-х угодкаў зь дня народзінаў Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі, што ва Ўшацкім раёне, у дзясяты раз адбылося ўганараваньне прэміяй «За свабоду думкі». Юбілейным ляўрэатам стаў лідэр «Маладога фрону» Зьміцер Дашкевіч.

Сьвяточную імпрэзу ў якасьці аднаго з арганізатараў адкрыў кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юры Бабіч. Ён падкрэсьліў, што імя Быкава яднае беларусаў розных пакаленьняў і будзе яднаць яшчэ доўгі час. Як асоба пісьменьніка, так і напісаныя ім творы – гэта глыбокі пласт маральнасьці.

Ёсіф Навумчык, былы кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ, адзначыў, што яшчэ пры жыцьці Васіля Быкава называлі апосталам беларускай нацыі і беларускай духоўнасьці. Ушаччына дала Беларусі шмат пісьменьнікаў і паэтаў, таму і ўлада, і грамадзкасьць мусяць рабіць усё магчымае, каб памяць пра Быкава, Барадуліна і іншых творцаў, захоўвалася ў назвах бібліятэк, школ, вуліц. Расказаў ён прысутным і пра свае сустрэчы з Быкавым ў Празе, адзначаўшы, што гэта быў спакойны, ураўнаважаны, сьціплы, інтэлігентны, але вельмі таленавіты чалавек, які апавёў нявыдуманую праўду пра вайну. У сваіх творах Быкаў паказаў, што вайна – гэта зло для кожнага народу.

Выкладчык і паэт Уладзімер Папковіч зазначыў, што ў асобе пісьменьніка яго найперш кранае, што гэта быў чалавек, які ніколі ня здраджваў свайму сумленьню і праўдзе. А ў якасьці прыкладу прывёў выпадак з Васілём Сёмухам, выключэньне якога з Саюзу пісьменьнікаў (яшчэ за савецкімі часамі) не падтрымаў толькі адзін Васіль Быкаў.

Арыгінальнай разынкай імпрэзы стаўся літаратурны конкурс, прысьвечаны жыцьцю і творчасьці пісьменьніка, за які ў выпадку дакладнага адказу можна было атрымаць салодкую цукерку.

Далей барды Георгі Станкевіч зь Бешанковічаў, Леанід Лаўрыновіч з Браславу ды гурт з Наваполацку Sumarok выканалі свае песьні.

У другой частцы імпрэзы ў якасьці вядоўцаў выступілі паэт і бард Віктар Шалкевіч ды Аляксандар Мілінкевіч. Віктар Шалкевіч абнадзеіў публіку, што часы пераменяцца, і калі-небудзь прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» будуць уручаць у Палацы Рэспублікі ды перадаў слова Аляксандру Мілінкевічу. Колішні кіраўнік руху «За свабоду» нагадаў, што прэмія ўручаецца ў дзясяты раз. Ён заклікаў уганараваць хвілінай маўчаньня ляўрэатаў прэміі, якія адышлі ў вечнасьць: Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Алеся Белакоза ды сястру Быкава нябожчыцу Валянціну, якая раней кожнага разу была тут.

Але назваў імя сёлетняга ляўрэата не Мілінкевіч. Яго абвясьціла грамадзкая актывістка з Шаркоўшчыны Ада Эльеўна Райчонак. Прадстаўляючы пераможцу і захоўваючы інтрыгу, яна пакрысе дадавала да яшчэ невядомага імя пэўныя эпітэты, аж пакуль пасьля словаў «ён арганізаваў абарону Курапатаў» ня стала зразумела, што гэта – Зьміцер Дашкевіч. «Гэта герой нашага часу! Мы яго ўсе вельмі любім! Гэта Зьміцер Дашкевіч! Вітайма яго!» – эмацыйна завяршыла Ада Райчонак.

Сёлетняга ляўрэата абралі ўладальнікі прэміі, уганараваныя раней. Ва ўмовах сацыяльнай і палітычнай апатыі менавіта такія людзі, як ляўрэаты прэміі, праз сваю актыўную грамадзянскую пазыцыю даюць усім беларусам шанец на будучыню, прапагандуючы свабоду і праўду як найважнейшыя складнікі жыцьця.

Дашкевіч у сваім выступе падзякаваў усім за гонар быць юбілейным ляўрэатам. Як вернік, ён ня мог не адзначыць, што вытрымаў свае турэмныя калідоры толькі дзякуючы веры і Божай падтрымцы. «Можна верыць у Бога, можна ня верыць, але духоўныя законы дзейнічаць», – падкрэсьліў ён.

Былі на імпрэзе і іншыя выступоўцы, і іншыя сьпевы, і іншыя словы. І быў там той вольны беларускі дух, які можна адчуць толькі ў сакральным нацыянальным асяродку. У такім, як у Бычках.

С. Горкі