Аўторак, 17 Студзень 2017

Экспазыцыя музэю гісторыі Воршы не працуе ўжо амаль 10 гадоў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У 2017 годзе Ворша сьвяткуе сваё 950-годзьдзе. Улады абяцаюць правесьці навуковую канфэрэнцыю па Базылянскім манастыры, лёсам якога апекаваліся краязнаўцы. Таксама Аршанскі райвыканкам даўно абяцаў аднавіць экспазыцыю музэю гісторыі і культуры Воршы, аднак ужо шмат гадоў абяцаньні застаюцца нявыкананымі.

Тацяна Вароніна яшчэ ў 1989 годзе пачала ствараць музэй, які адкрыўся прыканцы 1992 году. Гісторык адзначыла, што сабраных экспанатаў і дакумэнтаў так шмат, што з інфармацыі, якая ёсьць у фондах, можна зрабіць насычаную экспазыцыю. Аднак пакуль не аднавілі нават старую:

– Як у 2007 годзе перад Дажынкамі разабралі экспазыцыю, так яе і не аднавілі. Калі мы пачыналі ствараць музэй, у нас была маленькая купка прадметаў і  ніякай навуковай базы, але з сакавіка 1989 працавалі, і ўжо ў сьнежні 1992 году мы адкрылі музэй. А тут ёсьць памяшканьне, ёсьць штат, фонды, але, відаць, няма жаданьня.

950-гадовы юбілей з дня першай згадкі Воршы ў летапісах – важная для гораду дата. За апошнія гады ў горадзе зьявілася некалькі помнікаў, але ўсе зьвязаныя з войнамі савецкага часу, розныя танкі і гарматы. На звароты грамадзянаў наконт усталяваньня помнікаў беларускім героям мінулых стагодзьдзяў, зьвязаных з Воршай, мясцовыя ўлады адказвалі адмовай, спасылаючыся на адсутнасьць грошай і іншыя прычыны. Грамадзкасьць Воршы не чакае нічога арыгінальнага ад сёлетніх афіцыйных сьвяткаваньняў 950-годзьдзя гораду – відавочна, што сьвяткаваньні пройдуць у абстаноўцы афіцыёзу, а краязнаўцы, якія дазволілі сабе крытыку мясцовай улады, на ўрачыстасьці запрошаныя ня будуць.

Кастусь Багушэвіч, Радыё Рацыя