З тэматыкай канфэрэнцыі, як распавялі арганізатары (разам зь бібліятэкай імя Леніна імі выступілі краязнаўчы музэй і ВДУ), вызначыліся досыць хутка. Паколькі налета краіна будзе адзначаць 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня, то ў перадпачатку юбілейнага году і было прынятае рашэньне адзначыць юбілейную дату выданьня «Буквара» як важную падзею ў гісторыі кнігадрукаваньня і беларускай духоўнасьці.
«Буквар» Сьпірыдона Собаля - гэта першы лемантар на тэрыторыі Беларусі, ён выйшаў у сьвет ў 1631 годзе зь сьцен друкарні Богаяўленскай Куцеінскай Лаўры - манастыра на ўскраіне Воршы.
Сягоньня адзіны арыгінальны асобнік «Буквара» захоўваецца ў Львове (Украіна). У Беларусі ж дзякуючы плённай супрацы Нацыянальнай акадэміі навук і беларускай праваслаўнай царквы было адноўлена факсымільнае выданьне. Адно з такіх і было прэзэнтаванае ў межах канфэрэнцыі абласной бібліятэкай.
Распачалася канфэрэнцыя па традыцыі словамі вітаньня. Першыя ўзяла дырэктарка бібліятэкі Тацяна Адамян.
Тацяна Адамян
Павітаў удзельнікаў на віцебскай зямлі галоўны спэцыяліст галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак. Ён падзякаваў за магчымасьць правядзеньня такога кшталту канфэрэнцыі, а таксама за тое, што па яе выніках будзе выдадзены аднайменны зборнік.
Дзяніс Юрчак
Намесьнік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю па навуковай рабоце Валер Шышанаў адзначыў, што гэтая канфэрэнцыя мусіць быць міжнароднай, бо віцебскі рэгіён - гістарычны.
Валер Шышанаў
Таксама сваё вітаньне перад пачаткам працы сказалі загадчык катэдры гісторыі Беларусі ВДУ імя Машэрава, кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў і першы прарэктар Віцебскай духоўнай сэмінарыі протаіярэй Канстанцін Ізафатаў.
Анатоль Дулаў
Канстанцін Ізафатаў
У далейшым ўся работа канфэрэнцыі ладзілася па сэкцыях. Тэматыка дакладаў тычылася гісторыі, краязнаўства, рэлігійнага жыцьця. Прыкладам, бібліятэкарка бібліятэкі Сьвята-Богаяўленскага Куцеінскага мужчынскага манастыра Галіна Юркевіч распавяла пра Куцеінскую Лаўру як духоўна-асьветніцкі цэнтар XVII стагодзьдзя. Загадчык аддзелу археаграфіі і крыніцазнаўства Інстытуту гісторыі НАН РБ, кандыдат гістарычных навук Аляксандар Доўнар прадставіў даклад, прысьвечаны двум сьпісам кнігі прывілеяў зь Віцебску.
Галіна Юркевіч
Аляксандар Доўнар
У цэлым выступоўцаў аказалася блізу 50. Па матэрыялах канфэрэнцыі, як і летась, будзе выдадзены зборнік.
Лізавета Золатнава