Для дэнацыяналізаванага насельніцтва Віцебску, як і для гарадзкога кіраўніцтва, асоба выбітнага беларускага літаратара, відаць, не ўяўляе ані культурнай, ані знакавай каштоўнасьці. Ва ўсялякім разе, да дванаццатай гадзіны дня аніводнай кветкі, аніводнага вянка ніхто зь іх прынесьці да манумэнту не парупіўся. Да таго ж калі б ня пільнасьць і воля мясцовай актывісткі Тацяны Севярынец, якая зьвярнула ўвагу грамадзкасьці і гарадзкіх уладаў на аварыйны стан лесьвіцы да помніку Ўладзімеру Караткевічу, дык да прыкрай абыякавасьці насельніцтва да сваёй літаратурнай спадчыны дадалася б яшчэ і будаўнічая неўладкаванасьць.
Першым слова ўзяў ганаровы старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Ёсіф Навумчык, які быў асабіста знаёмы з Уладзімерам Сямёнавічам. Ён прыгадаў, што менавіта п'есай «Званы Віцебску» Караткевіча адкрываліся ў 1974 годзе ўрачыстасьці, прысьвечаныя тысячагодзьдзю абласнога цэнтру. Адзначыў Ёсіф Адамавіч і той момант, што знаёмства з выбітным беларускім пісьменьнікам паспрыяла фармаваньню яго асабістай нацыянальнай самасьвядомасьці. А выступ свой ён скончыў тым, што заклікаў увасабляць у жыцьцё ідэі нацыянальнай і дзяржаўнай незалежнасьці, разьвіваць беларускай культуру і мову, ды памятаць, што ўпершыню ў найноўшай гісторыі агучыў іх Караткевіч.
Тацяна Севярынец выпісала некалькі высноваў, зробленых з жыцьця Ўладзімерам Караткевічам, і зачытала іх. Запомнілася наступная: «Хто ня памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў».
Хрыстафор Жаляпаў, які прыйшоў да помніку з нацыянальным беларускім сьцягам, распавёў прысутным пра тое, як ён, прыехаўшы у Віцебск у 1973 годзе зь іншай рэспублікі, за гэты час стаў ня толькі жыхаром Віцебску, але і сапраўдным беларусам. Празь беларускую літаратуру, культуру і мову ён прыйшоў да беларускасьці, стаў часткай беларускага народу. «Але ж ёсьць тутэйшыя беларусы, якія дагэтуль крычаць: «Слава Расеі!». Жыць у Беларусі і ня быць яе патрыётам – гэта не натуральна», – падкрэсьліў спадар Хрыстафор.
Самай лірычнай часткай імпрэзы стаў выступ Кастуся Смолікава. Зь ягоных вуснаў прагучалі ня толькі цёплыя словы на адрас Ўладзімера Сямёнавіча, але і некалькі вершаў зь першага тома збору твораў. І хаця паэтычная спадчына літаратурнай творчасьці Караткевіча зьмясьцілася ў адной кнізе, яна ня стала ад таго менш значнай і менш ўплывовай на чытача. Пераконвае ў гэтым і верш «Мова». Вось некалькі радкоў зь яго:
І на іншых вяршынях суровых
(Вера! Роўнасьць! Свабода! Край!)
Ты струменьчык матчынай мовы,
Быццам маці, не забывай.
Прыемнай неспадзяванкай напрыканцы імправізаванага мерапрыемства стала чытаньне ўласнага верша выпадковым мінаком, які прыехаў у горад на курсы зь вясковай глыбінкі. Верш, далёкі ад прынятых правілаў вершаскладаньня, быў настолькі шчырым і важкім па ўзьнятых пытаньнях, што ўразіў ня толькі мяне, але і ўсіх прысутных. А самае галоўнае, што ён быў прачытаны на добрай беларускай мове і ўздымаў тэмы мовы, культуры і нацыянальнай незалежнасьці, якой у поўным аб'ёме дасюль няма. Гэты эпізод імпрэзы пераконвае: калі ўжо звычайныя беларускія людзі разважаюць на такія тэмы і нават пішуць вершы, то, дасьць Бог, беларуская справа будзе мець плён і пэрспэктыву. А Ўладзімер Сямёнавіч нам у гэтым, як заўжды, дапаможа.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2102-vitsebchuki-adznachyli-dzen-narodzinau-uladzimera-karatkevicha#sigProId1ebc29e3c6
С. Горкі