15 студзеня 2020 году суд пагадзіўся з міліцыяй, якая палічыла пікет на плошчы Перамогі ў Віцебску 29 снежня 2019 года, у якім браў удзел Алег Паўлаў, правапарушэннем. Праваахоўнікі аргументавалі гэта тым, што масавае мерапрыемства не было санкцыянаванае мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.
Тым не менш, грамадзянскі актывіст палічыў, што быў аштрафаваны за рэалізацыю свайго права на ўдзел у мірным сходзе і свабоду выказваць публічна сваё меркаванне. Таму - абскардзіў яго ў Віцебскім абласным судзе.
Рашэннем Віцебскага абласнога суду ад 29 студзеня 2020 году пастанова суду Чыгуначнага раёну была пакінутая без змены, а скарга Паўлава - без задавальнення.
У ворганах пракуратуры Паўлаў не абскарджваў судовыя пастановы ў сувязі з тым, што пракурорскі нагляд па палітычных справах у Беларусі неэфектыўны.
Тым не менш, Алег Паўлаў звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека з паведамленнем аб парушаных грамадзянскіх і палітычных правах дзяржавай Рэспублікай Беларусь.
На скаргу ў міжнародную праваабарончую арганізацыю дзяржава адказала звычайнай фармальнай адпіскай. Яна палічыла, што заяўнікам не былі вычарпаныя ўсе існыя ўнутраныя сродкі прававой абароны, а довады Паўлава аб парушэнні арт. 19, то бок - на права на свабоднае выказванне меркавання і арт. 21 - на права на свабоду мірных сходаў, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (далей - Пакт) не знайшлі свайго пацверджання.
«У адпаведнасці з артыкулам 2 Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах цягне за сабой немагчымасць прадстаўлення заяўнікам пісьмовага паведамлення на разгляд Камітэту. У адпаведнасці з артыкулам 3 Факультатыўнага пратаколу, Камітэт можа прызнаць такое паведамленне непрымальным», - паведамляюць у Камітэт сваю пазіцыю чыноўнікі.
Нягледзячы на пазіцыю уладаў, Паўлаў вырашыў, што працягне настойваць на тым, што беларуская дзяржава парушыла ягоныя канстытуцыйныя правы, і будзе дамагацца, каб гэтыя парушэнні былі прызнаныя на высокім міжнародным узроўні.
Міхась Пісараў