Падставай для падачы скаргі у Камітэт па правах чалавека (КПЧ) стала рашэнне суддзі суду Наваполацку Зінаіды Балаболавай, якая ў адкрытым судовым пасяджэнні разгледзела справу аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч.2. арт. 22.9 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Паводле міліцэйскага пратаколу, журналіста Вячаслава Лазарава абінавачвалі ў тым, што ў лютым 2019 году ён сумесна з журналісткай Аленай Шабуняй, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналістаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, знаходзячыся ў Наваполацку каля заводу «Палімір» ААТ «Нафтан», узялі інтэрв'ю ў трох грамадзян. Пазней фрагменты гэтага інтэрвʼю былі размешчаныя ў камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт на сайце belsat.eu у рубрыцы «Што рабіць, калі ўдавілася дзіця».
Суд прыйшоў да высновы, што сваімі дзеяннямі журналісты парушылі арт. 35 Закону РБ «Аб сродках масавай інфармацыі», здзейснілі незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. У судовым пасяджэнні ні Лазараў, ні Шабуня сваёй віны не прызналі і ад дачы тлумачэнняў адмовіліся.
Тым не менш, суддзя Балаболава пакарала журналістаў адміністрацыйным штрафам у памеры 637,5 рублёў.
Для абароны сваіх прафесійных і грамадзянскіх правоў Вячаслаў Лазараў абскардзіў рашэнне суду Наваполацку ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судах. Але суды вышэйшай інстанцыі адмовіліся абараніць яго правы, якія гарантаваныя дзейнай беларускай Канстытуцыяй і арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Пасля гэтага журналіст звярнуўся са скаргай на дзеянні беларускай дзяржавы ў Камітэт па правах чалавека ААН, дзе скарга была зарэгістраваная і будзе разгледжаная па сутнасці пасля таго, як беларускі ўрад патлумачыць сваю пазіцыю ў межах пададзенага журналістам паведамлення.
Леон Яфрэменка