Нядзеля, 24 Верасень 2017

Паскардзіўся на мэдыцыну – завезьлі ў «дурку»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Напісаў скаргу на лекі ад дыябэту беларускай вытворчасьці – атрымаў курс прымусовага псыхіятрычнага лекаваньня. Гэта гісторыя нашага героя зь Віцебску ў некалькіх словах. Празь перажытыя зьдзекі ў вар’ятнi ды боязь зноў апынуцца ў «жоўтым доме» ён баіцца паказаць на відэа твар.

20 дзён – менавіта столькі Станіслаў правёў у Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, які ён называе філіялам канцэнтрацыйнага лягеру. Курс лекаваньня, які там прапісваюць пацыентам, можа ўключаць і зьдзекі, і пабоі, і «конскія» дозы галяпірыдолу ды аміназіну.

Калі хтосьці пачынае скардзіцца, яго проста прывязваюць да ложка ды нават б’юць!

Наш герой стаў сьведкам размовы, у якой людзі скардзіліся, што задыхаюцца, як яны мяркуюць, ад перадазіроўкі лекаў. «Усё накіравана, каб размазаць чалавека!», – кажа герой рэпартажу Ганны Бадзякі.

Упершыню Станіслаў даведаўся пра тое, што хворы на цукровы дыябэт, на адной з мэдкамісіяў, арганізаваных для так званых «ліквідатараў». Як і тысячы іншых афіцэраў запасу, ён ратаваў беларусаў ад наступстваў выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Дыягназ Станіславу ставілі з пытальнікам ды доўгі час не лячылі зусім.

Выпадкова ён трапіў у эндакрыналягічнае аддзяленьне абласной больніцы, дзе яму спатрэбіліся нямецкія лекі, але грошай не было. Ліквідатара пачалі лячыць беларускімі замяняльнiкамi. На iх у мужчыны разьвілася вострая алергічная рэакцыя.

У роспачы Станіслаў напісаў скаргу на імя прафэсара Аляксандра Косінца, які ў той час быў начальнікам Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Празь некалькі дзён былога ліквідатара выцягнулі з кватэры, калі ён прымаў душ, ды адвезьлі ў 5-е закрытае аддзяленьне…

«Калі гэта мэдыцына для людзей, то я чагосьці не разумею ў гэтым жыцьці», – гаворыць наш герой.

Пасьля аварыі на ЧАЭС Станіслаў разам з жонкай, якая была фельчаркай, апынуўся ў забруджанай зоне. Жонка згарэла хутка – ад раку міжсьценьня, рэдкага анкалягічнага захворваньня. Пры ім зьяўляюцца злаякасныя новаўтварэньні ў грудной поласьці, і чалавек памірае ад кашлю і аддышкі...

belsat.eu