«Rada Market» – ня месца гандлю, як можа падацца з назвы, а мерапрыемства, дзе людзі абменьваюцца ідэямі і ведамі, прычым цалкам задарма.
Ахвотных атрымаць новыя веды аказалася вельмі шмат, чалавек 150-200. У большасьці сваёй гэта былі старшаклясьнікі і студэнты.
Найбольшую цікавасьць выклікалі лекцыя «Навука сну», што ладзілася ў межах праекту «Навука па-за сабой», ды «Жывая бібліятэка», якая праходзіла цягам цэлага дня на асобнай пляцоўцы. Ролю кнігаў у «Жывой бібліятэцы» выконвалі розныя людзі, да якіх у нашым грамадзтве неадназначнае стаўленьне. Напрыклад, вандроўцы-аўтаспыньнікі, вэгетарыянцы або фэміністкі. Размаўляючы зь імі, можна было даведацца шмат новага і скласьці сваё меркаваньне адносна розных тэмаў.
На іншых пляцоўках прадстаўляліся разнастайныя праекты, у якіх была магчымасьць узяць непасрэдны ўдзел. Так, у «Торба шоў» можна было навучыцца вырабляць экалягічныя торбы сваімі рукамі. Або ўзяць удзел у ролевай гульні жывога дзеяньня «Ларп». Таксама ўдзельнікі «маркету» змаглі пабачыць прэзэнтацыі пра дзейнасьць «Чырвонага Крыжа», польскай арганізацыі «HomoFaber» і праграмы «Эўрапейская валянтэрская служба», а таксама паслухаць лекцыі на тэму «Валянтэрства – альтруізм або асабістая выгада?» і на тэму гендэру «Makeout».
Асобным мерапрыемствам быў вынесены кінапаказ дакумэнтальных фільмаў пра правы чалавека «Watch Docs», які прайшоў у бары «Торвальд».
На суд гледачам былі прадстаўленыя дзьве карціны.
На пачатку быў паказаны фільм «Чыстыя / Forever Pure», які распавядае пра расавую дыскрымінацыю і рэлігійную нецярпімасьць на прыкладзе паводзінаў заўзятараў ізраільскага спартовага клюбу «Бэйтар». У аснове фільму ляжыць сюжэт пра двух чачэнскіх футбалістаў-мусульман, якія воляю лёсу і ў выніку палітычных гульняў ўладальніка клюбу – алігарха расейскага паходжаньня Аркадзя Гайдамакі апынуліся ў складзе гэтага футбольнага клюбу. З-за дзеяньняў заўзятараў жыцьцё футбалістаў ператварылася ў суцэльны кашмар, а сама каманда зазнала вялікі крызыс.
Затым, пасьля перапынку, была паказаная стужка «Горкі шакалад / The Chocolate Case», якая расказвае пра рабоў-падлеткаў, што працуюць на плянтацыях у Кот-д’Івуары, і пра тое, якім арыгінальным спосабам вырашылі змагацца з гэтай зьявай галяндзкія журналісты. Фільм вучыць таму, што кожны чалавек можа зрабіць вельмі шмат у барацьбе з рознымі відамі беззаконьня, калі толькі гэтага ён захоча.
Праведзены «маркет» паказаў, што такія імпрэзы выклікаюць цікавасьць у людзей, і што ў Віцебску з боку грамадзян ёсьць вялікі запыт на грамадзкую актыўнасьць. Настрой і імпэт удзельнікаў прадэманстравалі, што яны стаміліся ад беларускай «багны» і хочуць быць у сучасным цывілізацыйным трэндзе.
https://vitebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2513-u-vitsebsku-prajshou-rada-market#sigProId0ca6698b3d
Уладзімер Бяляўскі